ПСАЛТЫР 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. На струнах. Псальм Давідаў. 2 Калі я клічу Цябе, выслухай мяне, Божа справядлівасці маёй. У турбоце Ты даваў мне прастору; злітуйся нада мною і выслухай маленне маё. 3 О сыны чалавечыя, дакуль жа будзеце благімі сэрцам? Чаму вы любіце марнасць і шукаеце хлусню? 4 Ведайце, што Госпад цудоўна ўслаўляе святога Свайго. Бог выслухае, калі буду Яго клікаць. 5 Калі гневаецеся, не грашыце; разважце ў сэрцах вашых на ложках вашых і супакойцеся! 6 Складзіце ахвяру праўды і майце надзею ў Богу. 7 Шмат якія кажуць: «Хто паказвае нам даброты?» Узнімі над намі, як знак, святло аблічча Твайго! 8 Надаў Ты большую радасць у сэрца маё, чым калі памнажаюцца ў іх пшаніца ды віно. 9 У спакоі кладуся і засынаю, бо Ты адзіны, Госпадзе, даеш мне жыць ў бяспецы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)