Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 38 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Псальм Давідаў. На ўспамін.

2 Госпадзе, не ўшчувай мяне ў абурэнні Тваім і не карай мяне ў гневе Тваім.

3 Бо стрэлы Твае працялі мяне і апусцілася на мяне рука Твая,

4 няма нічога здаровага ў маім целе праз гнеў Твой, няма супакою касцям маім праз грахі мае,

5 бо правіннасці мае вышэй галавы маёй узняліся, прыгнятаюць яны мяне вельмі, быццам вялікі цяжар.

6 Сасмярдзелі і нагнаіліся раны мае праз дурноту маю.

7 Сагнуты і прыгнечаны я надзвычайна, цэлы дзень хадзіў засмучаны.

8 Бо крыжавіна мая напоўнілася ліхаманкай, і няма нічога здаровага ў маім целе.

9 Прыгнечаны і прыніжаны я надзвычайна, роў я ад трымцення сэрца майго.

10 Госпадзе, перад Табою ўся жальба мая, і ўздыханне маё не ўтоена ад Цябе.

11 Затрапяталася сэрца маё, пакінула мяне сіла мая; святло вачэй маіх — і таго няма са мною.

12 Прыяцелі мае і блізкія мае сталі наводдаль ад пакутаў маіх, а сваякі мае сталі здалёк.

13 І расставілі пасткі тыя, што шукалі душу маю, а тыя, што вельмі жадалі мне ліха, прамаўлялі падступнае і цэлы дзень планавалі хітрасці.

14 А я, быццам глухі, не чую і, як нямы, не адкрываю вуснаў сваіх.

15 І зрабіўся я, быццам чалавек, які не чуе і не мае ў вуснах сваіх апраўданняў.

16 У Табе бо, Госпадзе, надзею маю, Ты выслухаеш, Госпадзе, Божа мой.

17 Дык вось я кажу: «Хай не пацяшаюцца з мяне, калі хістаюцца ногі мае, хай не ўзвышаюць сябе перада мной».

18 Я ўжо магу хутка зваліцца, і боль мой заўжды перада мной.

19 Дык і прызнаюся ў сваёй правіннасці і з прычыны граху майго я ўстрывожыўся.

20 Але непрыяцелі мае жывуць, і яны сталі дужэйшымі, і памножыліся тыя, што ненавідзяць мяне несправядліва.

21 І тыя, што ліхам адплачваюць за дабро, нападаюць на мяне, бо іду я следам за дабром.

22 Не пакідай мяне, Госпадзе, Божа мой, не адступайся ад мяне,

23 спяшайся мне на дапамогу, Госпадзе, Збаўца мой.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы