ПСАЛТЫР 33 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Весяліцеся, справядлівыя, у Госпадзе; справядлівым належыцца пахвала. 2 Вызнавайце Госпада на гуслях, грайце Яму на псалтыры дзесяціструннай. 3 Спявайце Яму новую песню, стройна Яму грайце з ускліканнямі. 4 Бо праўдзівае слова Божае, і ўсе справы Яго верныя. 5 Ён любіць справядлівасць і закон, зямля поўная міласэрнасці Госпада. 6 Словам Госпадавым створаны нябёсы і дыханнем вуснаў Яго кожная сіла іх. 7 Быццам у мяшок, збірае Ён воды марскія, у скарбніцах складае бяздонні. 8 Хай уся зямля баіцца Бога, перад абліччам Яго хай трымцяць усе жыхары свету. 9 Бо Ён сказаў, і сталася; Ён загадаў і стварылася. 10 Госпад разбурае намеры паганаў, пустымі робіць задумы людзей. 11 Намер Госпада трывае павечна, задумы Яго сэрца з роду ў род. 12 Шчасны той народ, для якога Госпад — гэта Бог, і той народ, які Ён выбраў Сабе ў спадчыну. 13 Госпад глядзіць з неба, бачыць усіх сыноў чалавечых. 14 Зірнуў Ён з месца Свайго пражывання на ўсіх тых, што насяляюць зямлю. 15 Ён, Які ўтварыў кожнаму паасобку сэрцы іх, Які разумее ўсе справы іх. 16 Не бывае вызвалены цар вялікай сілай і не вызваліцца волат дзякуючы вялікай сіле сваёй. 17 Ненадзейны конь для выратавання, і вялізнай сілай сваёй не ўратуе. 18 Вось вочы Госпада над тымі, што Яго баяцца, і да тых, якія спадзяюцца на Яго ласку. 19 Каб вырваў Ён у смерці душы іх і каб карміў іх у час голаду. 20 Душа наша мае надзею на Госпада. Ён — наш памочнік і абарона, 21 бо ў Ім узрадуецца наша сэрца, і ў імю Яго мы знайшлі надзею. 22 Дык няхай жыве міласэрнасць Твая, Госпадзе, да нас, як і мы ўскладаем надзею на Цябе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)