ПСАЛТЫР 32 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Давідаў. Маскіль. Шчасны той, каму адпушчана беззаконне і чые грахі прыкрытыя. 2 Шчасны чалавек, якому Госпад не залічыў граху і ў душы якога няма крывадушша. 3 Калі я маўчаў, састарэлі косці мае ад стагнання майго цэлы дзень. 4 Калі днём і ноччу цяжыла нада мною рука Твая, змянілася жыццёвая сіла мая ў летнюю суш. 5 Дык выявіў я Табе правіну маю і не затаіў несправядлівасці сваёй. Я сказаў: «Вызнаю супраць сябе вінаватасць маю перад Госпадам». І Ты адпусціў бязбожнасць граху майго. 6 Дзеля таго стане кожны святы маліцца Табе ў час адпаведны. Калі нават узнімуцца велічэзныя воды, да яго не наблізяцца яны. 7 Ты мой прытулак, Ты мяне ад бяды захаваеш, радасцю збаўлення будзеш атачаць мяне. 8 Дам разуменне табе і накірую цябе на шлях, па якім ты павінен ісці; умацую вочы Мае над табою. 9 Не будзьце, як конь або мул, якія разумення не маюць; якім сківіцы трэба акілзаць аброццю і цуглямі, каб яны падышлі да цябе. 10 Пакуты бязбожніка шматлікія, а таго, хто на Госпада спадзяецца, Ён атачае міласэрнасцю. 11 Цешцеся ў Госпадзе і весяліцеся, справядлівыя, хвалу спявайце, усе чыстыя сэрцам. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)