Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 26 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Давідаў. Прызнай мне, Госпадзе, справядлівасць, бо пачаў я хадзіць у бязвіннасці сваёй і не саслабею, спадзеючыся на Госпада.

2 Выпрабуй мяне, Госпадзе, і ўчыні мне іспыт, растапі [мне] вантробы мае і сэрца маё.

3 Бо міласэрнасць Твая ў мяне перад вачамі, і жыву я ў праўдзе Тваёй.

4 Не сядзеў я разам з мужамі марнымі, і не ўвайду разам з тымі, што дзейнічаюць спадцішка.

5 Узненавідзеў я зборышча злачынцаў і з бязбожнікамі разам не сядаю.

6 У знак нявіннасці абмыю я рукі мае і абыду кругом ахвярнік Твой, Госпадзе,

7 каб адкрыць для вушэй воклічы хвалы і паведаміць пра ўсе дзівосы Твае.

8 Палюбіў я прыстанішча дому Твайго і месца пражывання хвалы Тваёй.

9 Не губі з бязбожнікамі душы маёй і з мужамі крыважэрнымі — жыцця майго.

10 На руках іх ліхадзействы, правіца іх поўная хабараў.

11 Я ж пачаў хадзіць у нявіннасці сваёй, збаў мяне і пашкадуй мяне.

12 На роўнай дарозе стаіць мая нага, славіць буду Госпада ў святынях.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы