ПСАЛТЫР 24 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Давідаў псальм. Госпадава зямля і што яе напаўняе, зямля і ўсе, хто жывуць на ёй. 2 Бо Ён заснаваў яе на марах і ўмацаваў на рэках. 3 Хто падымецца на гару Госпадаву або хто стане на святым месцы Яго? 4 Бязгрэшны рукамі і чысты сэрцам, хто не ўзняў душу сваю да марнасцей і не прысягнуў падступна. 5 Гэтакі атрымае дабраславенне ад Бога і апраўданне ад Бога, свайго Збаўцы. 6 Такі вось ёсць род тых, што шукаюць Бога, тых, што шукаюць аблічча Бога Якубава. 7 Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы. 8 Хто Ён, гэты Валадар Славы? — Госпад дужы і магутны, Госпад магутны ў бітве. 9 Падыміце, брамы, вярхі вашы і расчыніцеся, брамы спрадвечныя, і ўвойдзе Валадар Славы. 10 Хто Ён, гэты Валадар Славы? — Госпад магуццяў, вось хто такі Валадар Славы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)