Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 19 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Кіраўніку хору. Псальм Давідаў.

2 Нябёсы абвяшчаюць хвалу Бога, і пра справу рук Яго паведамляе цвярдыня.

3 Дзень перад днём прамаўляе слова, і ноч ночы абвяшчае веды.

4 Няма моў і маўленняў, голас якіх не быў бы чуцён:

5 па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх — аж да ўскрайкаў сусвету.

6 Ён паставіў на іх палатку для сонца, і яно, быццам жаніх, выходзячы з пакоя свайго, цешыцца, як волат перад неабходнасцю прабегчы шлях.

7 Ад ускрайкаў нябёсаў — пачатак шляху яго, і схіл яго — аж да іх ускрайкаў, і няма таго, што ўхілілася б ад цеплыні яго.

8 Закон Госпадаў бязгрэшны, аднаўляе душу, сведчанне Госпада вернае, што надае мудрасць малым.

9 Прысуды Госпада правільныя, пацяшаюць сэрцы, запавет Госпада светлы, прасвятляе вочы.

10 Страх Госпада чысты, трывае на векі вечныя, суды Госпада праўдзівыя і адначасова справядлівыя.

11 Яны больш жаданыя за золата і мноства каштоўных камянёў і саладзейшыя за мёд і струмяністыя соты.

12 Бо слуга Твой удасканальваецца праз іх; у пільнаванні іх — вялікая адплата.

13 Хто ж разумее свае аблуды? Ад патаемнага ачысці мяне

14 і ад пыхі ўпільнуй слугу Твайго, каб не запанавала нада мной. Тады буду я бязгрэшны і ачышчуся ад вялікага злачынства.

15 Няхай жа спадабаюцца словы вуснаў маіх і разважанне сэрца майго перад Табою, Госпадзе, Апякун мой і Збаўца мой!

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы