ПСАЛТЫР 17 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Маленне Давіда. Выслухай, Госпадзе, апраўданне маё, зваж на маленне маё. Прыхілі вуха Тваё да малітвы маёй з вуснаў неліслівых. 2 Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае хай убачаць, што справядліва. 3 Выпрабуй сэрца маё і наведай ноччу [мяне]; агнём паспытай мяне, — і не знойдзеш беззаконня ўва мне. 4 Не прыляпляюцца вусны мае да спраў чалавечых, паводле слоў вуснаў Тваіх я захаваў сябе ад шляхоў гвалтаўніка. 5 Утрымай крокі мае на сцяжынах Тваіх, каб не хісталіся стопы мае. 6 Да Цябе клічу, бо Ты, Божа, выслухоўваеш мяне; нахілі да мяне вуха Тваё і выслухай словы мае. 7 З’яві цудоўна міласэрнасць Тваю, Ты, Які ратуеш ад ворагаў тых, што на правіцу Тваю спадзяюцца. 8 Сцеражы мяне, як зрэнку вока, у засені крылаў Тваіх захавай мяне 9 ад аблічча нягоднікаў, якія ўціскаюць мяне. Ворагі мае ў лютасці акружылі мяне, 10 замкнулі [сэрцы] у тлустасці сваёй; вусны іх прамаўляюць напышліва. 11 Наступаючы цяпер, яны акружылі мяне, вочы свае ўтаропілі, каб паваліць на зямлю мяне, 12 выгляд іх — быццам у льва, які гатовы да ловаў, і быццам у львяняці, які сядзіць у засадзе. 13 Устань, Госпадзе, апярэдзь іх, перапыні іх, выратуй душу маю ад рук нягодніка мечам Тваім, 14 ад [людзей] смяротных рукой Тваёй, Госпадзе; ад [людзей] смяротных, доля жыцця якіх змарнела. Са сховішчаў Тваіх напаўняеш жывот іх, насычаюцца сыны і пакідаюць рэшткі дзецям сваім. 15 А я ў справядлівасці буду бачыць твар Твой, калі абуджуся ад сну, насычуся абліччам Тваім. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)