ПСАЛТЫР 146 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Алілуя. Хвалі, душа мая, Госпада, 2 буду хваліць Госпада пры жыцці маім, буду спяваць псальмы Богу майму, колькі жыць буду. 3 Не ўскладайце надзею на князёў, на сына чалавечага, у якіх няма збаўлення. 4 Выйдзе дух яго і вернецца ён у сваю зямлю, у гэты дзень загінуць усе намеры яго. 5 Шчасны той, каму Бог Якубаў успаможца, чыя надзея ў Госпадзе Богу сваім, 6 Які стварыў неба і зямлю, і мора ды ўсё, што ў іх ёсць; Які пільнуецца праўды вечна, 7 чыніць суд прыгнечаным, дае ежу тым, што прагнуць. Госпад вызваляе вязняў. 8 Госпад прасвятляе сляпых, Госпад выпрастоўвае сагнутых, Госпад любіць справядлівых. 9 Госпад апякуецца прыхаднямі, падтрымлівае сірату і ўдаву і знішчае дарогу грэшнікаў. 10 Госпад валадарыць вечна, Бог твой, Сіёне, з пакалення ў пакаленне. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)