ПСАЛТЫР 145 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Хваленні. Давіда. 1 Хваленні. Давіда. АЛЕФ. Буду ўзвышаць Цябе, Божа мой, Валадару, і дабраслаўлю імя Тваё вечна і на векі вечныя. 2 БЭТ. Кожны дзень буду дабраслаўляць Цябе і хваліць імя Тваё вечна і ў векі вечныя. 3 ГІМЭЛЬ. Вялікі Госпад і вельмі варты хвалы, і няма спасціжэння велічы Яго. 4 ДАЛЕТ. Пакаленне пакаленню хваліць справы Твае, і апавяшчае моц Тваю. 5 ГЭ. Гавораць пра ўзвышнасць славы велічнасці Тваёй і абвяшчаюць цуды Твае. 6 ВАЎ. І кажуць пра магуцце пострахаў Тваіх і расказваюць пра вялікасць Тваю. 7 ДЗАЙН. Успаміны пра невычэрпнасць лагоднасці Тваёй будуць разносіць і справядлівасці Тваёй узрадуюцца. 8 ГЭТ. Літасцівы і спагадны Госпад, доўгацярплівы і вялікай міласэрнасці. 9 ТЭТ. Ласкавы Госпад да ўсіх, і літасць Яго — над усімі справамі Яго. 10 ЁД. Хай вызнаюць Цябе, Госпадзе, усе тварэнні Твае; і святыя Твае дабраслаўляць будуць Цябе. 11 КАФ. Хай кажуць пра славу Валадарства Твайго і хай гавораць пра моц Тваю, 12 ЛЯМЭД. каб даць спазнаць сынам чалавечым моц Тваю і славу велічнасці Валадарства Твайго. 13 НУН. Верны Госпад ва ўсіх словах Сваіх і святы ва ўсіх справах Сваіх. 14 САМЭК. Госпад падымае ўсіх, што падаюць, і падтрымлівае ўсіх зняможаных. 15 АІН. Вочы ўсіх з надзеяй глядзяць на Цябе, і Ты дасі ім ежу ў час належны. 16 ФЭ. Ты адкрываеш руку Тваю і напаўняеш кожную жывёлу. 17 САДЭ. Госпад справядлівы на ўсіх дарогах Сваіх і святы ва ўсіх справах Сваіх. 18 КОФ. Госпад блізкі тым, што прызываюць Яго, усім, якія прызываюць Яго ў праўдзе. 19 РЭС. Спаўняе ён просьбу тых, што шануюць Яго, і пачуе іх кліканне, і збавіць іх. 20 СІН. Госпад апякуецца над усімі, хто любіць Яго, а ўсіх грэшнікаў нішчыць. 21 ТАЎ. Хай хваляць Госпада вусны мае, і хай усякае стварэнне дабраслаўляе святое імя Яго ў векі вечныя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)