Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 144 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)


1 Давідаў.

1 Давідаў. Дабраславёны Госпад, Успаможца мой; Ён навучыць бітве рукі мае, і пальцы мае — вайне.

2 Міласэрнасць мая і цвярдыня мая, прыбежышча маё і вызваліцель мой; шчыт мой, і на Яго ўсклаў я надзею, Ён падпарадкаваў мне народ мой.

3 Госпадзе, што ёсць чалавек, што Ты ведаеш пра яго, або што ёсць сын чалавечы, што Ты пра яго думаеш?

4 Чалавек стаўся падобны да марнасці, дні яго мінаюць, як цень.

5 Госпадзе, нахіні нябёсы Твае і сыдзі; дакраніся да гор, і яны задымяцца.

6 Заззяй маланкамі і рассып іх, выпусці стрэлы Твае і перамяшай іх.

7 Падай руку Тваю з вышыняў, вырві мяне і вызвалі мяне ад вялікіх водаў, ад рукі сыноў іншаземных,

8 вусны якіх прамаўляюць марнае, і правіца іх — правіца ашуканца.

9 Божа, спяваць буду Табе песню новую, граць буду псальмы на дзесяціструнных гуслях.

10 Даеш Ты царам збаўленне, адкупаеш Ты Давіда, слугу Твайго, ад мяча ліхадзейнага.

11 Вырві мяне і вызвалі мяне ад рукі сыноў іншаземных, вусны якіх прамаўляюць марнае, і правіца іх — правіца ашуканца.

12 Сыны нашыя — быццам новыя парасткі ў маладосці сваёй; дочкі нашыя — як слупы гранёныя, высечаныя, як пабудова святыні.

13 Каморы нашыя поўныя, мноства ўсялякага дабра, авечак нашых — тысячы, незлічона [іх] на палях нашых,

14 валы нашы тлустыя. Няма абрушаных агароджаў і праходаў, няма голасу на вуліцах нашых.

15 Шчасны народ, у якога гэта ёсць; шчасны народ, у якога Госпад — Бог яго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы