ПСАЛТЫР 143 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Псальм. Давідаў. 1 Псальм. Давідаў. Госпадзе, выслухай малітву маю, успрымі вушамі просьбу маю ў праўдзе Тваёй, выслухай мяне ў справядлівасці Тваёй. 2 І не ўступай у суд са слугою Тваім, бо не апраўдаецца аніякае цела перад Табою. 3 Бо непрыяцель пераследуе душу маю, паваліў на зямлю жыццё маё, зачыніў мяне ў цемры, як даўно памёршага. 4 І ўстрывожыўся ўва мне дух мой, здранцвела ўнутры мяне сэрца маё. 5 Успамінаў я мінулыя дні, разважаў пра ўсе Твае справы, разбіраў усе творы рук Тваіх. 6 Прасцёр я рукі мае да Цябе; душа мая — як зямля без вады ў Цябе. 7 Хутчэй выслухай мяне, Госпадзе; змарнеў дух мой. Не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб не стаў я падобным да сыходзячых у магілу. 8 Дай мне пачуць на світанні міласэрнасць Тваю, бо ўсклаў я надзею на Цябе. Дай мне спазнаць дарогу, па якой я пайду, бо да Цябе ўзвысіў я душу маю. 9 Вырві мяне ад непрыяцеляў маіх, Госпадзе, на Цябе ўсклаў я спадзяванне. 10 Навучы мяне спаўняць волю Тваю, бо Ты мой Бог. Дух Твой хай вядзе мяне па роўнай зямлі; 11 дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай мяне жывым. У справядлівасці Тваёй выведзі з бед душу маю 12 і ў міласэрнасці Тваёй расцярушы Ты непрыяцеляў маіх; і выгубі ўсіх, што прыгнятаюць душу маю, бо я слуга Твой. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)