ПСАЛТЫР 135 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Алілуя. Хваліце імя Госпада, хваліце, слугі Госпадавы, 2 вы, што стаіце ў доме Госпадавым, на дзядзінцы дому Бога нашага. 3 Хваліце Госпада, бо Госпад добры; спявайце псальмы імю Яго, бо яно мілае. 4 Бо Госпад выбраў сабе Якуба, Ізраэля на ўласнасць Сваю. 5 Бо я спазнаў, што вялікі Госпад, і Бог наш [вышэйшы] за ўсіх багоў. 6 Усё, што толькі захоча Госпад, здзейсніць Ён на небе і на зямлі, на моры і ва ўсіх глыбінях вадзяных. 7 Прыганяе хмары з канца зямлі, выклікае дождж маланкамі; выводзіць Ён вятры з клецяў Сваіх. 8 Ён перабіў першынцаў у Егіпце, так людзей, як і жывёлу. 9 Паказаў знакі і цуды пасярод цябе, Егіпет, для фараона і для ўсіх слуг яго. 10 Ён перабіў многа народаў паганскіх і забіў цароў дужых: 11 Сэгона, цара амарэяў, і Ога, цара Басана і ўсе царствы Ханаанскія. 12 А зямлю іх перадаў на пасяленне, на пасяленне Ізраэлю, Свайму народу. 13 Госпадзе, вечнае імя Тваё; памяць пра Цябе — на ўсе пакаленні. 14 Бо Госпад апякуецца над народам Сваім і злітуецца над слугамі Сваімі. 15 Ідалы паганаў — гэта срэбра і золата, творы рук людскіх: 16 маюць вусны, а не гавораць; маюць вочы, а не бачаць; 17 маюць вушы, а не чуюць, і няма подыху ў вуснах іх. 18 Падобнымі да іх ёсць тыя, што іх робяць, кожны, што спадзяюцца на іх. 19 Доме Ізраэля, дабраслаўляйце Госпада; доме Аарона, дабраслаўляйце Госпада; 20 доме Леві, дабраслаўляйце Госпада; вы, што шануеце Госпада, дабраслаўляйце Госпада! 21 Дабраславёны Госпад з Сіёна, Які жыве ў Ерузаліме. Алілуя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)