ПСАЛТЫР 132 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Песня ўзыходжання. 1 Песня ўзыходжання. Госпадзе, памятай пра Давіда і пра ўсю пакорлівасць яго: 2 бо прысягнуў ён Госпаду, даў абяцанне Магутнаму Якубаву: 3 «Не ўвайду ў шаты дому свайго, не ўздымуся на ложа пасцелі маёй, 4 не дам сну вачам маім і павекам маім, 5 пакуль не знайду месца для Госпада, палаткі для Магутнага Якубава». 6 Вось, пачулі мы пра той самы [каўчэг], вось, у Эфраце, знайшлі мы яго на палях Яар. 7 Увойдзем у палатку Яго, аддадзім паклон ля падножжа ног Яго. 8 Уздыміся, Госпадзе, да месца супачынку Твайго, Ты і каўчэг Тваёй моцы. 9 Хай святары Твае адзенуцца ў справядлівасць, а святыя Твае радуюцца. 10 Дзеля Давіда, паслугача Твайго, не адварочвай аблічча ад намашчэнца Твайго. 11 Прысягнуў Госпад Давіду праўду, і не адступіць ад яе: «Ад плода сцёгнаў Тваіх пасаджу на пасад Твой. 12 Калі сыны твае захаваюць запавет Мой і сведчанні Мае, якім навучу Я цябе, то і сыны іх вечна будуць сядзець на пасадзе тваім». 13 Бо Госпад выбраў Сіён і пажадаў яго Сабе на паселішча: 14 «Гэта спачынак Мой на векі вечныя; тут буду жыць, бо пажадаў яго. 15 Дабраслаўляючы, дабраслаўлю ежу яго, бедных яго накармлю хлебам. 16 Святароў яго адзену ў збаўленне, і святыя яго будуць вельмі радавацца. 17 Тут вырашчу рог Давіда, прыгатую светач для Майго Намашчэнца. 18 Непрыяцеляў яго пакрыю сорамам, а над ім будзе зіхацець вянец яго». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)