ПСАЛТЫР 118 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго. 2 Хай кажа цяпер дом Ізраэля, што Ён добры, што вечная міласэрнасць Яго. 3 Хай кажа цяпер дом Аарона, што вечная міласэрнасць Яго. 4 Хай кажуць цяпер тыя, што шануюць Госпада, што вечная міласэрнасць Яго. 5 У бядзе я звярнуўся да Госпада, і выслухаў мяне Госпад, Які выводзіць на прастору. 6 Госпад — Успаможца мой; не збаюся, бо што зробіць мне чалавек? 7 Госпад са мною, і я з пагардаю зірну на непрыяцеляў маіх. 8 Лепш бегчы да Госпада, чым спадзявацца на чалавека. 9 Лепш бегчы да Госпада, чым давярацца князям. 10 Усе паганы абступілі мяне кругом, і вынішчыў я іх у імя Госпада. 11 Абступаючы, акружаюць яны мяне, і вынішчыў я іх у імя Госпада. 12 Акружылі мяне, як пчолы, і ўзгарэліся, як агонь у цернях; і вынішчыў я іх у імя Госпада. 13 Піхаючы, штурхалі мяне, каб я паваліўся, і Госпад успамог мне. 14 Цвярдыня мая і хвала мая — Госпад, і стаўся Ён збаўленнем для мяне. 15 Гоман услаўлення і збаўлення чуецца ў палатках справядлівых: 16 «Правіца Госпада стварае магутнасць, правіца Госпада ўзвышае мяне, правіца Госпада стварае магутнасць!» 17 Не памру я, але буду жыць і раскажу пра справы Госпада. 18 Караючы, пакараў мяне Госпад, але смерці мяне не аддаў. 19 Адчыніце мне брамы справядлівасці; увайшоўшы праз іх, вызнаваць буду Госпада. 20 Гэта брама Госпада, справядлівыя ўвойдуць праз яе. 21 Буду вызнаваць Цябе, бо Ты выслухаў мяне і стаўся збаўленнем для мяне. 22 Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. 23 Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых. 24 Вось жа дзень, які ўчыніў Госпад: давайце радавацца і весяліцца ў ім. 25 О, Госпадзе, збаў мяне, о, Госпадзе, дай шчаслівае жыццё! 26 Дабраславёны, хто прыходзіць у імя Госпада. Дабраслаўляем вас з дому Госпада. 27 Бог — Госпад, і Ён асвятліў нас. Падрыхтуйце ахвяру з густым веццем аж да рагоў ахвярніка. 28 Ты — мой Бог, і я буду вызнаваць Цябе, Божа мой, і буду ўзвышаць Цябе. 29 Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасць Яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)