Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 106 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Алілуя. Вызнавайце Госпада, бо Ён добры, бо навек міласэрнасць Яго.

2 Хто раскажа пра магутнасці Госпада, хто дасць пачуць усе хвалы Яго?

3 Шчасныя тыя, што выконваюць прыказанні, якія чыняць справядлівасць увесь час.

4 Помні пра нас, Госпадзе, у спагаднасці да Твайго народа наведай нас збаўленнем Тваім,

5 каб убачылі мы даброты выбраннікаў Тваіх, каб узвесяліліся мы весялосцю народа Твайго, каб ганарыліся Тваёй спадчынай.

6 Награшылі мы разам з продкамі нашымі, жылі не па праўдзе, учынілі несправядлівасць.

7 Нашы бацькі ў Егіпце не зразумелі Тваіх цудаў, не помнілі вялікай міласэрнасці Тваёй і злосна кпілі, выходзячы ў мора, мора Чырвонае,

8 але захаваў Ён іх дзеля Свайго імя, каб даць спазнаць моц Сваю.

9 Пагразіў Ён Чырвонаму мору, і высахла, і павёў іх між хваль, як па пустыні.

10 І збавіў іх ад рукі нахабніка; і вызваліў іх ад ворага.

11 І пакрыла вада іх праціўнікаў, ані адзін з іх не застаўся.

12 І паверылі словам Яго, і спявалі на хвалу Яго.

13 Але тут жа забыліся пра справы Яго і не прынялі парады Яго.

14 І разгарэліся пажаднасцю ў пустыні, і спакушалі Бога на бязводдзі.

15 І даў Ён ім паводле просьбы іх, і паслаў насычанасць у душы іх.

16 І зайздросцілі Майсею ў лагеры, Аарону, святому Госпада.

17 Расступілася зямля і праглынула Датана і пакрыла зборышча Абірама.

18 І ўспыхнуў агонь у скопішчы іх, полымя спаліла грэшнікаў.

19 І зрабілі яны цялё пры Гарэбе і пакланяліся перад ідалам.

20 І замянілі хвалу сваю падабенствам быка, што паядае сена.

21 Забыліся пра Бога, Які збавіў іх, Які чыніў нязвыкласці ў Егіпце,

22 цуды на зямлі Хама, страшныя дзівосы каля Чырвонога мора.

23 І сказаў Ён, што вынішчыць іх, каб не Майсей, выбраннік Яго: ён стаў перад Ім у расколіне, каб адвёў гнеў Свой, не губіў іх.

24 І за нішто палічылі яны зямлю пажаданую, не паверылі слову Яго,

25 І марматалі ў сваіх палатках, не слухалі голасу Госпада.

26 І ўзняў Ён руку Сваю на іх, каб пакласці іх ніцма ў пустыні

27 і каб раскідаць патомства іх між народамі, і рассыпаць іх па ўсёй зямлі.

28 І прыгарнуліся яны да Баал-Пэгора, і з’елі ахвяры мёртвых.

29 І ўгнявілі Яго сваімі [ліхімі] задумамі, і спала на іх пляга.

30 Тады паўстаў Пінхас і ўчыніў суд, і спынілася пляга.

31 І залічана яму гэта за справядлівасць на ўсе пакаленні аж на век.

32 І ўгнявілі Яго каля водаў Мэрыбы, і праз іх прыйшла бяда на Майсея,

33 бо яны раз’ятрылі дух яго, і пачаў прамаўляць ён неабдуманае вуснамі сваімі.

34 Не вынішчылі паганаў, пра якіх сказаў ім Госпад,

35 а памяшаліся яны з паганамі і навучыліся справам іх.

36 І пачалі служыць іх балванам, і сталася [гэта] пасткай для іх.

37 Ды складалі ў ахвяру сыноў сваіх і дочак сваіх дэманам.

38 І пралілі нявінную кроў, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх ахвяравалі балванам ханаанскім, і зямля спаганена была кроўю,

39 і спракудзіліся сваімі справамі, і сваімі паводзінамі парушылі прымірэнне.

40 І ўзгарэўся гнеў Госпадаў на народ Яго, і ўзненавідзеў Ён спадчыну Сваю.

41 І выдаў іх у рукі паганам, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі.

42 І прыгняталі іх непрыяцелі іх, і прыніжаны былі іх рукой.

43 Часта вызваляў Ён іх, але яны гнявілі Яго сваімі намерамі і гінулі дзеля несправядлівасцей сваіх.

44 Але глянуў Ён на іх бяду, калі пачуў лямант іх.

45 І ўспомніў на шчасце іх пра запавет Свой і пашкадаваў іх паводле бязмежнай міласэрнасці Сваёй.

46 І будзіў Ён літасць да іх ва ўсіх, якія іх няволілі.

47 Збаў нас, Госпадзе Божа наш, і забяры нас з-паміж народаў, каб мы вызнавалі святое імя Тваё і ўслаўляліся славай Тваёю.

48 Дабраславёны Госпад Бог Ізраэля ад веку і да веку! І скажа ўвесь народ: «Амін, амін!»

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы