ПСАЛТЫР 105 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вызнавайце Госпада і прызывайце імя Яго, абвяшчайце між народамі пра справы Яго. 2 Спявайце Яму і грайце псальмы Яму, апавядайце пра ўсе Яго цуды. 3 Пахваляйцеся іменем святым, хай цешыцца сэрца тых, што шукаюць Госпада. 4 Шукайце Госпада і магутнасці Яго, аблічча Яго шукайце заўсёды. 5 Памятайце пра цуды Яго, якія ўчыніў, знакі Яго і прысуды Яго вуснаў. 6 Патомства Абрагамава, слугі Яго, сыны Якубавы, выбраннікі Яго. 7 Ён, Госпад Бог наш; па ўсёй зямлі суды Яго. 8 Памятае Ён вечна пра Свой запавет, пра абяцанне, якое даў Ён на тысячу пакаленняў, 9 на прымірэнне, якое ўсталяваў Ён з Абрагамам, і пра прысягу Сваю Ізааку. 10 Устанавіў Ён гэта для Якуба, як закон для Ізраэля, як вечнае прымірэнне, 11 кажучы: «Табе дам зямлю Ханаан, як шнур спадчыны вашай», 12 калі былі лікам малымі, вельмі нешматлікімі і прыхаднямі ў ёй 13 і вандравалі ад племя да племя і ад валадарства да другога народа, 14 не дазволіў Ён, каб [які] чалавек крыўдзіў іх і пакараў за іх цароў: 15 «Не чапайце намашчэнцаў Маіх і прарокам Маім не рабіце зла». 16 А потым наклікаў голад на зямлю, і змарнаваў увесь запас хлеба. 17 Паслаў перад імі чалавека; у няволю быў прададзены Язэп. 18 Сціснулі кайданамі ногі яму, у жалеза ўвайшла шыя яго, 19 пакуль не надышло слова Яго, пакуль прамова Госпада не ачысціла яго. 20 Паслаў цар і вызваліў яго, валадар народаў даў яму волю; 21 устанавіў яго гаспадаром над сваім домам і князем над ўсёй сваёй маёмасцю, 22 каб вучыў ён князёў яго паводле волі сваёй і каб яго старцаў навучаў мудрасці. 23 І ўвайшоў Ізраэль у Егіпет, і Якуб стаў прыхаднем у зямлі Хама. 24 І Ён размножыў вельмі народ Свой і зрабіў яго мацнейшым за яго непрыяцеляў. 25 І павярнуў Бог іх сэрца, каб у нянавісці мелі народ Яго і каб хітрасць чынілі супраць слуг Яго. 26 Паслаў Ён Майсея, слугу Свайго, Аарона, якога абраў. 27 Паклаў Ён на іх словы знакаў Сваіх і цудаў у зямлі Хама. 28 Наслаў цемру і зрабіў цёмна, але яны працівіліся словам Яго. 29 Перамяніў воды іх у кроў і вынішчыў іх рыбаў. 30 Спарадзіла іх зямля жабаў аж да пакояў цароў іх. 31 Сказаў Ён, і прыляцела хмара мух, і скініфы — па ўсіх межах іх. 32 Учыніў Ён ім град замест дажджу і агонь палымяны ў зямлі іх. 33 Пабіў вінаград іх і фігі іх і панішчыў дрэвы ў іх межах. 34 Сказаў, і нахлынула саранча і вусені, якім не было падліку. 35 І пажэрла яно ўсю траву ў іх зямлі, і пажэрла яно плод зямлі іх. 36 І пабіў усіх першародных у зямлі іх, пачаткі ўсёй сілы іх. 37 І вывеў іх з серабром і золатам, і не было ў іх пакаленні хворага. 38 Узвесяліўся Егіпет з выхаду іх, бо паў на іх страх дзеля Ізраэльцаў. 39 Расцягнуў Ён хмару, нібы покрыва, і агонь, каб свяціў ім уночы. 40 Прасілі, і прыляцела перапёлак, і хлебам з неба карміў іх. 41 Рассек скалу, і паплылі воды, і пацяклі рэкі ў пустыню. 42 Бо помніў Ён Сваё святое слова да Абрагама, слугі Свайго. 43 І вывеў Свой народ у радасці, выбраннікаў Сваіх — з весялосцю. 44 І даў ім землі паганаў, і авалодалі яны працаю народаў, 45 каб захоўвалі прыказанні Яго і законы Яго выконвалі. Алілуя. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)