Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 ЛЯМЭД. Чаму стаіш, Госпадзе, далёка, хаваеш Сябе ў часе смутку?

2 Бязбожны выхваляецца, чыніць убогаму пераслед, заблытвае яго ў хітрыках, якія задумаў.

3 Бязбожны выхваляецца пажаданнямі душы сваёй, і хцівы дабраслаўляе сябе.

4 НУН. Пагарджае Госпадам грэшнік у пыхлівасці сваёй: «Не запатрабуе, няма Бога».

5 Гэткія ўсе думкі яго; спрыяльныя шляхі яго ў любы час. Далёкія суды Твае ад аблічча яго; пагарджае ён усімі ворагамі сваімі.

6 Гаворыць ён у сэрцы сваім: «Не пахіснуся, з роду ў род не будзе мне ліха».

7 ФЭ. Вусны яго поўныя праклёнаў, і маны, і падступнасці, пад языком яго падман і брыдота.

8 САДЭ. Вочы яго сочаць за ўбогім; ён падпільноўвае ў засадзе, быццам леў у логаве сваім.

9 Падпільноўвае, каб схапіць убогага, хапае гаротніка і цягне ў пастку сваю.

10 Туліцца да зямлі і прыгінаецца, і няшчасныя падаюць ад моцы рук яго.

11 І гаворыць ён у сэрцы сваім: «Забыўся Бог, адвярнуў аблічча Сваё, не паглядзіць ніколі».

12 КОФ. Узніміся, Госпадзе Божа, узнімі руку Тваю, не забывайся на ўбогага!

13 Чаму пагарджае нягоднік Богам? Бо ён сказаў у сэрцы сваім: «Ты не запатрабуеш».

14 РЭС. Ты бачыш гэта, Ты зважаеш на пакуты і гора, каб узяць іх у рукі Твае. На Цябе пакінуты ўбогі, Ты зрабіўся апекуном сіраце.

15 СІН. Скрышы руку грэшніка і ліхадзея; будзеш шукаць Ты грэх яго і не знойдзеш.

16 Госпад — валадар навечна і на вечныя вякі: знікнуць пагане з зямлі Яго.

17 ТАУ. Жаданне ўбогіх Ты выслухаў, Госпадзе; Ты ўмацуеш сэрца іх, прыхіліш вуха Тваё,

18 каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, каб чалавек на зямлі болей не наводзіў страх.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы