Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПЕСЬНЯ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 «Агляніся, агляніся, Суламітка, агляніся, агляніся, каб нам прыгледзецца да цябе». «Чаго пазіраеце вы на Суламітку, калі яна танчыць між двух карагодаў?»

2 «Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка князя! Выгін клубоў тваіх — як каралі, што зроблены рукою майстра.

3 Улонне тваё — круглая чаша: ніколі не бракуе ў ёй віна мяшанага; жывот твой — як сноп пшаніцы, абстаўлены лілеямі.

4 Грудзі твае — як двое казлят, двайнят сарны.

5 Шыя твая — як вежа з косці слановай. Вочы твае — як ставы ў Хесебоне, што каля брамы Бат-Рабім. Нос твой — як вежа Лібана, што звернута супраць Дамаска.

6 Галава твая — як Кармэль, а валасы твае на галаве — як пурпур; валадар ублытаўся ў кучарах.

7 Як ты прыгожа і як прывабна, найдаражэйшая, у харастве!

8 Стан твой прыпадобніўся да пальмы, а грудзі твае — вінаградныя гронкі.

9 Я сказаў: “Узлезу на пальму і авалодаю пладамі яе”, і будуць грудзі твае — як гронкі вінаградныя, і пах вуснаў тваіх — як ад яблыкаў.

10 Вусны твае — як найлепшае віно, годнае, каб яго піў улюбёны, каб арашаў вусны і зубы свае».

11 «Я — для ўлюбёнага свайго, і да мяне — пажаданне яго.

12 Прыйдзі, улюбёны мой, пройдзем на поле, пабудзем за горадам.

13 Раніцаю паспяшаемся да вінаграднікаў і паглядзім, ці цвіце вінаград, ці распусціліся кветкі, ці цвітуць яблыні гранатавыя; там дам я табе сваё каханне.

14 Мандрагоры разліваюць водар, у брамах нашых усе найлепшыя плады, новыя і старыя, для цябе, мілы мой, захавала я [іх]».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы