ПЕСЬНЯ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 «Куды пайшоў улюбёны твой, о найпрыгажэйшая з жанчын? Куды збочыў твой любы, мы пашукаем яго з табою!» 2 «Улюбёны мой увайшоў у сад свой, да кветнікаў водараў, каб пасвіцца ў садах і збіраць лілеі. 3 Я — для ўлюбёнага майго, а ўлюбёны мой — для мяне, ён пасвіцца сярод лілеяў». 4 «Гожая ты, сяброўка мая, як Тэрса, прывабная, як Ерузалім, грозная, як добра ўзброеныя баявыя дружыны. 5 Адвярні вочы свае ад мяне, бо яны мяне бянтэжаць. Валасы твае — як статак коз, што спускаюцца з Галаада. 6 Зубы твае — як статкі авечак, што выходзяць з купальні: усе з параю ягнят, і няплоднай між іх няма. 7 Як палова яблыка гранатавага — шчокі твае пад вэлюмам тваім. 8 Ёсць шэсцьдзесят царыц, і наложніц восемдзесят, і дзяўчат без ліку. 9 Але адзіная ты, галубка мая, дасканалая мая, адзіная ў маці сваёй, выбраная радзіцелькі сваёй. Убачылі яе дочкі — і найшчаслівейшай назвалі; царыцы і наложніцы — і ўславілі яе: 10 “Хто ж гэта, што выходзіць, як яснеючая заранка, прыгожая, як месяц, светлая, як сонца, грозная, як баявыя дружыны?”» 11 «Спусцілася я ў арэхавы сад, каб паглядзець на плады далін, каб зірнуць, ці квітнее вінаград, ці зелянеюць дрэвы гранатавыя. 12 Не адчула душа мая, як пасадзіла мяне ў калясніцу князя народа майго». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)