Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПЕСЬНЯ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Песня з песняў Саламона. «Хай ён пацалуе мяне пацалункам вуснаў сваіх!» «Бо каханне тваё лепшае за віно;

2 за водар тваіх найлепшых алейкаў. Алеек разліты — імя тваё; таму любяць цябе дзяўчаты».

3 «Прываблівай мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадар, у пакоі свае»; «Радавацца і цешыцца будзем табою, помніць больш пра каханне тваё, чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!»

4 «Чарнявая я, але зграбная, дочкі Ерузаліма, як палаткі Кедара, як заслоны Саламона.

5 Не глядзіце, што я смуглявая, бо апаліла мяне сонца. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, даручылі мне пільнаваць вінаграднік, а я свайго вінаградніку не ўпільнавала.

6 О ты, якога любіць душа мая, пакажы, дзе ты пасеш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між статкаў таварышаў тваіх».

7 «Калі не ведаеш, о найпрыгажэйшая сярод жанчын, то выйдзі і ідзі па слядах статка, ды пасві казлянят сваіх каля палатак пастухоў.

8 Я ўпадобніў цябе, сяброўка мая, да жарабіцы ў калясніцы фараона.

9 Гожыя шчокі твае пад завушніцамі, шыя твая — у каралях.

10 Мы зробім табе залатыя завушніцы са срэбранымі ўкрапінамі».

11 «Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разліваў водар свой.

12 Улюбёны мой для мяне — пучок кіпера, што ляжыць на грудзях маіх.

13 Улюбёны мой для мяне — быццам гронка кіпровая у вінаградніках Эн-Гадзі».

14 «О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о, якая ты прыгожая: вочы твае галубіныя».

15 «О, які прыгожы ты, улюбёны мой, о, які прывабны! Ложак наш у кветках,

16 бэлькі дамоў нашых кедравыя, столь наша — з кіпарысу».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы