ПІЛІПЯНАЎ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, вам жа яно патрэбна. 2 Зважайце на сабак, зважайце на ліхіх работнікаў, зважайце на абразанне! 3 Бо мы ёсць абрэзаныя, якія духам служым Богу і хвалімся Ісусам Хрыстом, і не ў целе маем надзею, 4 хоць я мог бы спадзявацца і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык тым больш я: 5 абрэзаны ў восьмы дзень, родам ізраэлец з пакалення Бэньяміна, гебрай з гебраяў, фарысей паводле закону, 6 праз руплівасць пераследаваў Царкву, адносна справядлівасці, што паводле закону, – беззаганны. 7 Але ўсё, што лічыў я здабыткам, тое дзеля Хрыста прызнаў я за марнасць. 8 Ды сапраўды ўсё лічу за марнасць дзеля вышэйшага пазнання Ісуса Хрыста, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за смецце, каб Хрыста здабыць 9 і апынуцца ў Ім, маючы не маю справядлівасць, якая з закону, але тую, якая з веры ў Хрыста, якая ад Бога справядлівасць праз веру, 10 каб пазнаць Яго, і магутнасць уваскрэсення Яго, і супольнасць пакут Яго, каб упадобніцца смерці Яго, 11 каб такім чынам дасягнуць уваскрэсення з мёртвых. 12 Не кажу так, што я ўжо дасягнуў або ўжо стаўся дасканалым; але імкнуся, каб здабыць, як здабыў мяне Хрыстос Ісус. 13 Браты, я не лічу сябе дасягнуўшым; толькі, вось, забываючыся пра тое, што ёсць за мною, парываючыся да таго, што перада мною, 14 імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага паклікання Божага ў Хрысце Ісусе. 15 Дык, калі хто з нас дасканалы, мы думаем так; а калі што адчуваеце інакш, і гэта Бог вам выявіць; 16 аднак чаго мы дасягнулі, так і будзем думаць і паводле гэтага жыць. 17 Браты, будзьце паслядоўнікамі маімі і ўзірайцеся на тых, якія так жывуць, як вы маеце прыклад у нас. 18 Многія ж, аб якіх я вам часта казаў, а цяпер вось і, плачучы, кажу, жывуць, як ворагі крыжа Хрыстова, 19 лёсам іх будзе загуба, бо бог іх – жывот, слава іх – у ганьбе іх, яны думаюць аб зямным. 20 Наша ж грамадзянства – у небе, адкуль таксама чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, 21 Які пераменіць цела прыніжэння нашага, каб зрабіць яго падобным целу славы Яго, магутнасцю, якою ўсё падпарадквае Сабе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)