Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПІЛІПЯНАЎ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Паўла і Цімафей, рабы Хрыста Ісуса, усім святым у Хрысце Ісусе, якія ёсць у Піліпах разам з епіскапам? і дыяканамі:

2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дзякую Богу майму, усякі раз успамінаючы вас,

4 заўсёды ва ўсіх малітвах маіх за ўсіх вас з радасцю молячыся,

5 дзеля вашага ўдзелу ў Евангеллі ад першага дня аж да цяпер,

6 маючы пэўнасць, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, давядзе аж да дня Хрыста Ісуса;

7 як справядліва мне думаць пра вас усіх, бо маю вас у сэрцы, і ў путах маіх, і ў абароне, і ва ўмацаванні Евангелля, бо ўсе вы супольнікі мае ў ласцы.

8 Сведка мне Бог, як сардэчна імкнуся да ўсіх вас у Ісусе Хрысце.

9 І аб тым малюся, каб любоў ваша ўсё больш і больш узрастала ў веданні і ўсякім адчуванні,

10 каб пазнаваць вам лепшае, каб вы былі чыстымі і без заганы ў дзень Хрыстоў,

11 поўныя пладоў справядлівасці, што праз Ісуса Хрыста на ўшанаванне і славу Бога.

12 Хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што вакол мяне, спрычынілася больш да поспеху Евангелля,

13 бо путы мае ў Хрысце праславіліся ва ўсёй прэторыі і ва ўсіх іншых,

14 і многія з братоў у Госпадзе, асмеленыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся без страху абвяшчаць слова.

15 Адны, праўда, з зайздрасці і пярэчлівасці вясцяць Хрыста, іншыя ж – з добрай волі.

16 Тыя, што з любові, – ведаючы, што я дзеля абароны Евангелля пастаўлены,

17 тыя ж, што з зайздрасці, прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае путы яшчэ цяжэйшымі.

18 Дык што? Ці так, ці гэтак: ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос абвяшчаецца; і я гэтаму рады, і буду радавацца,

19 ведаючы, што гэта ўсё выйдзе мне на збаўленне праз вашы малітвы і з дапамогай Духа Ісуса Хрыста,

20 паводле чакання і спадзявання майго, што я ні ў чым не пралічуся, але з усёй упэўненасцю, як заўсёды, гэтак і цяпер хай уславіцца Хрыстос у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць.

21 Бо для мяне жыццё – гэта Хрыстос, і смерць – набытак.

22 Але калі жыццё ў целе прыносіць плод у маёй дзейнасці, дык, што выбраць, не ведаю.

23 Цягне мяне адно і другое: жадаю адысці і быць з Хрыстом, бо гэта шмат лепшае,

24 але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.

25 І гэта напэўна ведаю, што застануся з усімі вамі на карысць вашу і на радасць веры,

26 каб радасць ваша расла ў Ісусе Хрысце праз мяне, праз маё вяртанне да вас.

27 Толькі жывіце дастойна Евангелля Хрыстова, каб, ці калі прыбуду і ўбачу вас, ці адсутны, пачуў пра вас, што вы стаіце ў адным Духу, аднадумна змагаючыся за веру Евангельскую

28 і ні ў чым не палохаецеся супраціўнікаў, што ім стане знакам загубы, вам жа – збаўлення, і гэта ад Бога.

29 Вам бо дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго,

30 такое самае змаганне маючы, якое бачылі ўва мне і як чуеце цяпер пра мяне.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы