НЭЭМІІ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 А сталася ў месяцы Нісан, на дваццаты год царавання цара Артаксэркса, калі ён меў піць, падняў я віно і падаў цару, бо не быў я сумны перад абліччам яго. 2 Цар жа сказаў мне: «Чаму твар твой сумны, хаця я не думаю, што ты хворы? Гэта нішто іншае, як смутак сэрца». І я моцна спалохаўся, 3 і сказаў я цару: «Жыві, цару, навекі! Як жа не будзе сумны твар мой, калі горад магіл бацькоў маіх спустошаны, і брамы яго спалены агнём?» 4 І кажа цар да мяне: «Дык што ты просіш?» І я памаліўся да Бога нябеснага 5 і сказаў цару: «Калі гэта падабаецца цару і калі паслугач твой мае ласку ў цябе, дык пашлі мяне ў Юдэю, у горад магіл бацькоў маіх, і я адбудую яго». 6 Ды сказаў мне цар, і царыца сядзела побач яго: «Як доўга працягнецца падарожжа тваё ды калі ты вернешся?» І захацелася цару паслаць мяне, і я вызначыў яму час. 7 І сказаў я цару: «Калі цару здаецца добрым, то хай будуць дадзены мне лісты да кіраўнікоў за ракою, каб мяне прапускалі, пакуль не дабяруся ў Юдэю; 8 і ліст да Асафа, загадчыка царскага лесу, каб даў ён мне дрэва, каб мог я пабудаваць брамы вежы пры доме, і мура гарадскога, і дома, у якім буду жыць». І даў мне цар, бо добрая рука Бога майго супачывала на мне. 9 І прыбыў я да кіраўнікоў краіны за ракой, і падаў я ім царскія лісты. А цар паслаў са мною кіраўнікоў над ваярамі і коннікаў. 10 І пачулі гэта Санабалат Хараніт і Тобія, паслугач аманіцянскі, ды засумавалі яны вялікім смуткам, што прыбыў чалавек, які турбуецца пра сыноў Ізраэля. 11 І прыйшоў я ў Ерузалім, і быў там тры дні. 12 І ўстаў я ноччу, і некалькі людзей са мной, і нікому я не сказаў, што Бог мой паклаў мне на сэрца зрабіць у Ерузаліме; і не меў я іншае жывёліны, апрача той, на якой ехаў. 13 І праехаў я ноччу праз браму Даліны і перад крыніцай Дракона і да брамы Гнаявой кучы, і даследаваў руіны муроў Ерузаліма, і брамы яго, спаленыя агнём. 14 І даехаў я да брамы Крыніцы і да сажалкі Цара, і не было месца, каб прайсці, для жывёліны, на якой я сядзеў. 15 Дык ноччу прайшоў я праз раку і агледзеў мур; ды зноў праехаў праз браму Даліны, і вярнуўся назад. 16 А кіраўнікі не ведалі, куды я хадзіў і што я рабіў, але аж дасюль я не выяўляў гэтага ані юдэям, ані святарам, ані магнатам, ані кіраўнікам, ані іншым, якія выконвалі работу. 17 І я сказаў ім: «Вы бачыце смутак, у якім мы знаходзімся, бо Ерузалім спустошаны, і брамы яго спалены агнём; хадземце і адбудуем мур Ерузаліма і не будзем больш у ганьбе». 18 І распавёў я ім, што добрая рука Бога майго была нада мной, і словы цара, што ён казаў мне; і яны сказалі: «Возьмемся і адбудуем!» І рукі іх умацаваліся да добрай справы. 19 А пачулі пра гэта Санабалат Хараніт і Тобія, паслугач аманіцянскі, і Гасэм араб, ды кпілі з нас і з пагардаю казалі: «Што гэта за справа, якую вы робіце? Ці не думаеце вы супраць цара ўзбунтавацца?» 20 І я ім даў адказ, кажучы: «Сам Бог Нябесны спрыяе нам, і мы, паслугачы Яго, возьмемся і адбудуем. А вы не маеце ані ўдзелу, ані права, ані памяці ў Ерузаліме». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)