Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

НЭЭМІІ 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У той жа дзень чытана было з кнігі Майсея перад народам, і адшукалі ў ёй, што аманіцяне і маабцы ніколі не павінны ўваходзіць у супольнасць Божую,

2 за тое, што яны не спаткалі ізраэльцаў з хлебам і вадой, і падкупілі супраць іх Балаама, каб іх праклясці, а Бог наш перамяніў праклён на дабраславенне.

3 Сталася ж, калі пачулі яны закон, то аддзялілі ад Ізраэля ўсё змяшанае.

4 А нейкі час перад тым быў святар Эліясіб, кіраўнік над камораю дома Бога нашага і сваяк Тобіі;

5 і ўладкаваў для яго вялікі пакой, дзе раней складвалі дары з ежы, і кадзіла, і пасудзіны, і дзесяціну збожжа, віна, і аліўкавага алею, часткі для левітаў, і спевакоў, і прыдзверных, і дары для святароў.

6 А ў час усяго гэтага не быў я ў Ерузаліме, бо ў трыццаць другім годзе валадарання Артаксэркса, цара Бабілонскага, прыйшоў я да цара, і ў канцы дзён я папрасіў аб тым, каб пайсці ад цара,

7 і прыйшоў я ў Ерузалім. І даведаўся пра злачынства, якога дапусціўся Эліясіб адносна Тобіі: бо аддаў ён яму скарбоўню на панадворку дома Божага.

8 І гэтае злачынства выглядала для мяне вельмі ліхім, ды выкінуў я пасудзіны Тобіі на двор каморы;

9 і загадаў, і ачысцілі гэту камору, ды вярнуў я туды пасудзіны дома Божага: ахвяры з ежы і кадзіла.

10 І даведаўся я, што належныя часткі ахвяр не далі левітам і ўсе спевакі і левіты, якія спаўнялі службу, уцяклі ў свае землі.

11 І зрабіў я вымову кіраўнікам, і сказаў: «Чаму пакінулі вы дом Божы?» І сабраў я іх, і паставіў іх на свае месцы.

12 І ўся Юдэя прынесла ў кладоўкі дзесяціну збожжа, віна і аліўкавага алею.

13 Ды паставіў я над кладоўкамі Сэлемію святара і Садока пісара і Падаю з левітаў, і каля іх Ханана, сына Закхура, сына Матаніі, бо пацвердзілі яны, што верныя; і ім было даручана даваць належныя часткі сваім братам.

14 Памятай дзеля гэтага пра мяне, Божа мой; ды не забывайся пра мае добрыя ўчынкі, якія зрабіў я ў доме Бога майго і ў службах Яго!

15 У тыя дні ўбачыў я, як у Юдэі тапталі ў давільнях у суботу, насілі снапы і клалі на аслоў іх, а таксама і віно, і вінаград, і фігі, і ўсякі цяжар, і прывозілі ў Ерузалім у дзень суботні; і заклінаў я іх, калі яны у гэты дзень прадавалі харчы.

16 А жыхары Тыра жылі там, у Юдэі, прывозілі рыбу і ўсе тавары, і прадавалі ў суботу сынам Юды ў Ерузаліме.

17 І я дакараў кіраўнікоў Юды, кажучы ім: «Навошта вы робіце такое зло і паганіце дзень суботні?

18 Ці ж не гэтак зрабілі бацькі вашыя, і Бог наш навёў на нас і на гэты горад усякія няшчасці? І вы павялічваеце гнеў Яго на Ізраэль, зневажаючы суботу!»

19 Сталася ж, калі перад днём суботы цемра схавала брамы Ерузаліма, я сказаў і закрылі брамы; я загадаў, каб не адкрывалі іх, аж пакуль не скончыцца субота. І паставіў я паслугачоў сваіх пры брамах, каб ніхто нічога не насіў у дзень суботы.

20 І заначавалі гандляры і прадаўцы раз і другі з усякімі таварамі па-за Ерузалімам.

21 І я іх заклінаў, і сказаў ім: «Чаму начуеце па-за мурам? Калі зноў гэтак зробіце, дык падыму руку на вас». Такім чынам, ад таго часу не прыходзілі ў суботу.

22 Таксама я загадаў левітам, каб ачысціліся і пайшлі пільнаваць брамы і святкаваць дзень суботні. І за гэта, такім чынам, памятай пра мяне, Божа мой, і будзь да мяне міласцівы паводле бязмежнай літасці Тваёй!

23 Але і ў тыя дні бачыў я юдэяў, якія бралі за жонак азотак, аманіцянак і маабак.

24 І дзеці іх часткова гаварылі па-азоцку і не ўмелі гаварыць па-юдэйску, але гаварылі на мове таго, або другога народа.

25 Ды я дакараў іх, і пракляў, і некаторых з іх пабіў і вырваў у іх валасы; і закляў іх Богам, каб не аддавалі дачок сваіх за сыноў іх і не бралі дачок іх для сыноў сваіх ані для саміх сябе за жонак, кажучы:

26 «Ці ж не такім чынам грашыў Саламон, цар Ізраэля? І, канешне, многія народы не мелі такога цара, як ён, і ён быў даспадобы Богу свайму, і паставіў яго Бог царом над усім Ізраэлем; і, такім чынам, яго звялі да граху чужыя жанчыны.

27 Ці ж і мы, слухаючы вас, будзем рабіць усякае вялікае злачынства тым, што будзем грашыць перад Богам нашым і браць за жонак чужаземак?»

28 А адзін з сыноў Ёяды, сына першасвятара Эліясіба, быў зяцем Санабалата з Харона, якога я выгнаў ад сябе.

29 Памятай, Госпадзе, Божа мой, аб тых, што паганяць святарства і запавет святарскі і левіцкі!

30 Вось так ачысціў я іх ад усяго чужога і паставіў чэргі для святароў і левітаў, кожнага ў яго службе

31 і для ахвяры з дроў у вызначаным часе і для пяршынь. Памятай пра мяне, Божа мой, на дабро.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы