МАЦЬВЕЯ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І, увайшоўшы ў лодку, Ён пераплыў мора і прыбыў у Свой горад. 2 І вось, прынеслі да Яго спаралізаванага, што ляжаў на ложку. І Ісус, бачачы іх веру, сказаў спаралізаванаму: «Не бойся, сыне, даруюцца табе твае грахі». 3 І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: «Ён блюзніць». 4 І Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў: «Нашто вы надумляеце ліхое ў вашых сэрцах? 5 Бо што лягчэй сказаць: “Даруюцца грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”? 6 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу даравання грахоў, – гаворыць тады спаралізаванаму: “Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой”». 7 І той падняўся і пайшоў у дом свой. 8 І, бачачы гэта, натоўпы здзівіліся і славілі Бога, што даў гэтакую ўладу людзям. 9 І, калі адыходзіў адтуль Ісус, убачыў Ён чалавека, на імя Мацвей, які сядзеў пры мыце, і гаворыць яму: «Ідзі ўслед за Мной!» І той, падняўшыся, пайшоў за Ім. 10 І сталася, калі Ён узлягаў за сталом у доме, вось, прыйшлі многія мытнікі і грэшнікі і ўзляглі разам з Ісусам і Яго вучнямі. 11 І, бачачы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: «Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есць ваш Настаўнік?» 12 А Ён, пачуўшы гэта, гаворыць: «Не здаровым трэба лекара, але немачным. 13 Дык ідзіце і навучыцеся, што значыць: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Бо Я прыйшоў заклікаць не справядлівых, але грэшнікаў да пакаяння». 14 Тады падыходзяць да Яго вучні Яна, кажучы: «Чаму гэта мы і фарысеі часта посцім, а вучні Твае не посцяць?» 15 І гаворыць ім Ісус: «Ці ж могуць вясельнікі сумаваць, пакуль жаніх з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады яны будуць посціць. 16 Бо ніхто не прышывае латы новага сукна да старога адзення, бо яна раздзірае яго і дзіра робіцца большай. 17 Таксама не ўліваюць новае віно ў старыя мяхі, бо тады разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады зберагаецца адно і другое». 18 Калі Ён ім гэта гаварыў, вось, адзін начальнік падышоў і пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе, дачка мая толькі што сканала, але прыйдзі, ускладзі на яе Сваю руку, і яна жыць будзе». 19 І, падняўшыся, Ісус пайшоў за ім, і вучні Яго. 20 І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала на крывацечу, падышла ззаду і дакранулася да краю вопраткі Яго. 21 Бо яна казала сама ў сабе: «Калі толькі дакрануся да вопраткі Яго, збаўлена буду». 22 Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Не бойся, дачка, вера твая дала збаўленне табе». І аздароўлена была жанчына ў тую самую гадзіну. 23 А калі прыйшоў Ісус у дом начальніка, убачыў жалейнікаў і натоўп усхваляваны, 24 казаў ім: «Разыдзіцеся, не памерла дзяўчынка, але спіць». І смяяліся з Яго. 25 А калі людзей вывелі, увайшоў і ўзяў яе за руку, і дзяўчынка паднялася. 26 І разышлася вестка пра гэта па ўсёй той зямлі. 27 І, калі Ісус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім два сляпыя, якія крычалі і казалі: «Сыне Давідаў, злітуйся над намі!» 28 А калі Ён увайшоў у дом, падышлі да Яго сляпыя, і кажа ім Ісус: «Ці верыце, што Я магу вам гэта зрабіць?» Сказалі Яму: «Несумненна, Госпадзе». 29 Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: «Хай вам станецца, як вы верыце». 30 І адкрыліся вочы іх. І строга папярэдзіў іх Ісус, кажучы: «Глядзіце, каб ніхто пра гэта не даведаўся». 31 Але яны, адышоўшыся, расславілі аб Ім па ўсёй той зямлі. 32 Па іх адыходзе прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага нячыстым. 33 Калі ж выгнаў нячыстага духа, нямы той загаварыў. Дык дзівіліся людзі і казалі: «Ніколі гэтага не здаралася ў Ізраэлі». 34 Фарысеі ж казалі: «Моцай князя дэманскага выганяе ліхіх духаў». 35 І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і вёсках, навучаючы ў сінагогах, і прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага, і аздараўляючы ўсякую хваробу ды ўсякую немач у народзе. 36 І, бачачы мноства людзей, Ісус пашкадаваў іх, бо былі зняможаны і кінуты, быццам авечкі, якія не маюць пастыра. 37 Тады кажа Ён вучням Сваім: «Жніва многа, але працаўнікоў мала. 38 Дык прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніво Сваё». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)