Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МАЦЬВЕЯ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Пасля Ісус быў заведзены ў пустыню Духам для спакушэння д’яблам.

2 І, пасля таго, як посціў сорак дзён і сорак начэй, пачуўся галодным.

3 І, прыступіўшы да Яго, спакуснік сказаў: «Калі Ты – Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні зрабіліся хлебам».

4 Той, адказваючы, прамовіў: «Напісана: “Не хлебам адзіным толькі будзе жыць чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых”».

5 Потым пераносіць Яго д’ябал у святы горад і ставіць Яго на вышыні святыні,

6 і кажа Яму: «Калі Ты – Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана: “Загадаў Ён анёлам Сваім наконт Цябе, на руках будуць насіць Цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі Сваёй”».

7 Гаворыць яму Ісус: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».

8 Ізноў пераносіць Яго д’ябал на вельмі высокую гару ды паказвае Яму ўсе валадарствы свету і іх славу,

9 і кажа Яму: «Усё гэта аддам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».

10 Тады кажа яму Ісус: «Ідзі прэч ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяцца будзеш і аднаму Яму служыць будзеш”».

11 Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось, анёлы прыступіліся і паслугавалі Яму.

12 Калі ж Ісус пачуў, што Ян выдадзены, то адышоў у Галілею.

13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўме прыморскім,

14 у межах Забулона і Нэфталі, каб збылося, што прадказана прарокам Ісаем, які кажа:

15 «Зямля Забулона і зямля Нэфталі, на шляху прыморскім за Ярданам, Галілея паганская;

16 народ, які сядзеў у цемры, святло ўбачыў вялікае, і для тых, што сядзяць у краіне засені смерці, святло ўзышло».

17 Адсюль пачаў Ісус прапаведаваць і казаць: «Навяртайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

18 А калі ішоў каля мора Галілейскага, убачыў двух братоў – Сімона, які завецца Пётрам, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбаловамі.

19 І гаворыць ім: «Ідзіце за Мной! Зраблю вас лаўцамі людзей».

20 Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім следам.

21 І, ідучы далей адтуль, Ён убачыў двух іншых братоў, Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, якія ў чоўне з бацькам сваім, Зебядзеем, правілі сеткі, і паклікаў іх.

22 І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку, пайшлі за Ім следам.

23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі наўкола, навучаючы ў сінагогах іх і прапаведуючы добрую вестку Валадарства, ды аздараўляў людзей ад усякай хваробы і ўсякай немачы.

24 І разышлася слава Яго па ўсёй Сірыі. Дык прыводзілі да Яго ўсіх немачных, рознымі хваробамі і пакутамі апанаваных, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і паралітыкаў, і Ён аздараўляў іх.

25 І хадзілі за Ім вялікія натоўпы з Галілеі, і з Дэкапаля, і з Ерузаліма, і з Юдэі, ды з-за Ярдана.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы