Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МАЦЬВЕЯ 23 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Тады звярнуўся Ісус да людзей і да вучняў Сваіх,

2 кажучы: «На пасадзе Майсеевым заселі кніжнікі і фарысеі.

3 Дык усё, што яны вам скажуць, захоўвайце і рабіце, але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны вучаць, а не робяць.

4 Бо яны вяжуць цяжкія і непасільныя бярэмі ды ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім не хочуць іх зрушыць.

5 Яны робяць усе свае справы, каб людзі іх бачылі: пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры адзення свайго,

6 яны любяць першыя месцы за абедам і першыя лаўкі ў сінагогах,

7 і прывітанні на рынку, ды каб іх людзі называлі: “Рабі, рабі”.

8 Вы ж не называйце сябе рабі, бо адзін ваш Вучыцель – Хрыстос, а вы ўсе – браты.

9 Ані айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін Айцец ваш, Які ў небе.

10 Ані настаўнікамі не называйце сябе, бо адзін ваш Настаўнік – Хрыстос.

11 Хто большы з вас – будзе вашым паслугачом.

12 Бо хто сябе ўзвышае, той будзе прыніжаны, а хто сябе прыніжае, будзе ўзвышаны.

13 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі. Вы і самі не ўваходзіце, і тым, што ўваходзяць, не дазваляеце ўвайсці.

14 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоў і крывадушна доўга моліцеся: за гэта прымеце тым большае асуджэнне.

15 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што аб’язджаеце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго празелітам. А калі ім станецца, вы робіце яго сынам пекла, удвая горшым за сябе.

16 Гора вам, сляпыя правадыры, што кажаце: “Хто прысягае святыняй, гэта нічога, а калі хто прысягае золатам святыні, той вінаваты”.

17 Неразумныя і сляпыя! Што ж большае: золата ці святыня, якая асвячае золата?

18 І: “Хто прысягае ахвярнікам, гэта нічога, а хто прысягае ахвярай, што на ім, той вінаваты”.

19 Неразумныя і сляпыя! Што ж большае: ахвяра ці ахвярнік, які асвячае ахвяру?

20 Дык вось, хто прысягае ахвярнікам, прысягае ім ды ўсім, што на ім.

21 І хто прысягае святыняй, той прысягае ёй ды Тым, Хто ў ёй самой жыве.

22 А хто прысягае небам, прысягае пасадам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.

23 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што бераце дзесяціну з мяты, кропу і кмену, а не звярнулі ўвагі на тое, што важнейшае ў законе: суд, міласэрнасць і веру. Гэта належала зрабіць і таго не пакідаць.

24 Сляпыя правадыры, што працэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда!

25 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо абмываеце тое, што звонку чары і місы, а ўнутры поўныя здзерства ды нячыстасці.

26 Фарысей сляпы! Ачысці перш знутры чару і місу, каб і тое, што звонку, стала чыстым.

27 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да магіл пабеленых, што звонку выглядаюць прыгожымі, а ўнутры поўныя касцей мёртвых і ўсякай брыдоты.

28 Так і вы звонку здаецеся людзям справядлівымі, а ўнутры поўныя крывадушнасці і беззаконня.

29 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце магілы прарокам і аздабляеце помнікі справядлівым,

30 і кажаце: “Каб мы жылі ў дні бацькоў нашых, не былі б саўдзельнікамі іх у праліванні крыві прарокаў”.

31 І так вы самі сведчыце, што вы – сыны тых, што забілі прарокаў.

32 І вы дапаўняйце мерку бацькоў вашых.

33 Змеі, гадзючыя вырадкі! Як жа вы пазбегнеце пякельнага прысуду?

34 Таму вось Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў, і адных з іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, а іншых будзеце бічаваць у сінагогах вашых ды будзеце гнаць іх з горада ў горад,

35 аж спадзе на вас уся кроў справядлівых, што разліта па зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі між святыняй і ахвярнікам.

36 Сапраўды кажу вам: спадзе гэта ўсё на пакаленне гэтае.

37 Ерузалім, Ерузалім, што забіваеш прарокаў ды камянуеш тых, якія да цябе пасланы. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як кураводка збірае пісклянят сваіх пад крылы, а ты не захацеў.

38 Вось, застаецца вам дом ваш пусты.

39 Бо кажу вам: “Не ўбачыце Мяне датуль, пакуль не скажаце: «“Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада”».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы