МАЦЬВЕЯ 21 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І, калі набліжаліся да Ерузаліма і падышлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, тады Ісус паслаў двух вучняў, 2 кажучы ім: «Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. 3 І, калі вам хтосьці нешта скажа, скажыце: “Госпад мае ў іх патрэбу”, і адразу ж той адпусціць іх». 4 Усё гэта сталася, каб збылося тое, што было сказана прарокам, які казаў: 5 «Скажыце дачцы Сіёна: “Вось, ідзе да цябе Валадар твой, ціхмяны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай”». 6 Пайшоўшы, вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус. 7 І прывялі асліцу з аслянём, і ўсклалі на іх адзенне сваё, і Ён сеў на іх. 8 А многія людзі пасцілалі сваю вопратку на дарозе, а іншыя сціналі галінкі з дрэў і пасцілалі на дарозе. 9 І натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, усклікалі, кажучы: «Гасана Сыну Давіда! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада. Гасана на вышынях!» 10 І, калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?» 11 А народ казаў: «Гэта Ісус, прарок з Назарэта Галілейскага». 12 І ўвайшоў Ісус у святыню Божую, і павыганяў усіх, што прадавалі і куплялі ў святыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў. 13 І кажа: «Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў». 14 І падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх. 15 А першасвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія Ён учыніў, ды дзяцей, што ўсклікалі ў святыні, кажучы: «Гасана Сыну Давідаву!», злаваліся 16 і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так; хіба вы не чыталі: “З вуснаў дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу”»? 17 І, пакінуўшы іх, выйшаў за горад у Бэтанію, і там застаўся. 18 А раніцай, вяртаючыся ў горад, адчуў голад. 19 І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падышоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісця, і сказаў яму: «Няхай не родзіцца з цябе плод навекі». І адразу дрэва фігавае ссохла. 20 І, бачачы гэта, вучні дзівіліся, кажучы: «Якім чынам адразу ссохла дрэва фігавае?» 21 А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і не будзеце сумнявацца, вы зробіце не толькі тое, што з дрэвам фігавым, але нават калі гэтай гары скажаце: “Падыміся і кінься ў мора”, – станецца. 22 І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце». 23 І, калі Ісус увайшоў у святыню, падышлі да Яго, калі Ён вучыў, першасвятары і старэйшыны народа і казалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто Табе даў такую ўладу?» 24 І Ісус, адказваючы, сказаў ім: «І Я задам вам адно пытанне, і, калі вы адкажаце Мне, то і Я адкажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю: 25 хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?» А яны разважалі паміж сабой, кажучы: «Калі мы скажам: “З неба”, Ён скажа: “Дык чаму вы не паверылі яму?” 26 А калі мы скажам: “Ад людзей”, баімся натоўпа, бо ўсе Яна лічаць прарокам». 27 І, адказваючы, яны сказалі Ісусу: «Не ведаем», а Ён сказаў: «Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю. 28 А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў: “Сыне, ідзі папрацуй сёння ў маім вінаградніку”. 29 А ён, адказваючы, гаворыць: “Не хачу”. А потым, узрушаны навяртаннем, выйшаў і пайшоў. 30 Звяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, гаворыць: “Іду, гаспадару”, – але не пайшоў. 31 Хто з дваіх выканаў волю бацькі?» Яны кажуць: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам: наперадзе вас мытнікі і распусніцы ідуць у Валадарства Божае. 32 Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусніцы паверылі яму. Вы, аднак, бачачы гэта, нават потым не навярнуліся, каб яму паверыць. 33 Паслухайце іншую прыпавесць. Быў чалавек гаспадар дому, які насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў у яго вінаградараў, і аддаліўся. 34 А калі надышоў час пладоў, паслаў ён паслугачоў сваіх да вінаградараў, каб яны забралі яго плады. 35 А вінаградары, схапіўшы паслугачоў яго, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі. 36 Ізноў паслаў Ён іншых паслугачоў, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна. 37 Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромяцца сына майго”. 38 Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі адзін аднаму: “Гэта спадкаемец. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем яго спадчынаю”. 39 І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. 40 Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніку, што ён зробіць тым вінаградарам?» 41 Яны гавораць Яму: «Ліхіх ён сурова заб’е, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць плод у вызначаны час». 42 Кажа ім Ісус: «Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісанні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”? 43 Дзеля таго кажу вам, што будзе аднята ад вас Валадарства Божае, а дадзена народу, які творыць плады яго. 44 І хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раздавіць». 45 І, калі пачулі першасвятары і фарысеі Яго прыпавесць, зразумелі, што пра іх Ён гаварыў. 46 І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей, бо яны лічылі Яго прарокам. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)