МАЦЬВЕЯ 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І падышлі да Яго фарысеі і садукеі, і, выпрабоўваючы, прасілі Яго, каб паказаў ім знак з неба. 2 І Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Калі вечарэе, кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”. 3 А раніцай: “Сёння навальніца, бо неба пахмурнела”. Крывадушнікі, Выгляд неба вытлумачыць вы ўмееце, а знакаў часу не можаце. 4 Племя ліхое і чужаложнае знака шукае, ды іншы знак не будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адышоўся. 5 А калі паплылі вучні Яго праз мора, забыліся ўзяць хлябоў. 6 І сказаў ім Ісус: «Чувайце, асцерагайцеся кіслі фарысеяў і садукеяў». 7 А яны разважалі між сабой, кажучы: «Хлябоў мы не ўзялі». 8 Ісус, ведаючы гэта, сказаў: «Што вы, малаверы, разважаеце між сабой, што хлябоў не маеце? 9 Ці ж яшчэ не разумееце і не помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч чалавек? І колькі кашоў назбіралі? 10 Ані таксама пра сем хлябоў на чатыры тысячы чалавек? І колькі корабаў набралі? 11 Няўжо вы не разумееце, што Я не пра хлябы вам гаварыў: “Сцеражыцеся кіслі фарысеяў і садукеяў”»? 12 Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім, каб не кіслі хлебнай асцерагаліся, але навукі фарысеяў і садукеяў. 13 І прыйшоў Ісус у межы Цэзарэі Піліпавай, і спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «За каго лічаць людзі Мяне, Сына Чалавечага?» 14 А яны сказалі: «Адны за Яна Хрысціцеля, другія за Іллю, а іншыя за Ярэмію або за аднаго з прарокаў». 15 Кажа Ён ім: «А вы як кажаце, кім Мяне называеце?» 16 Адказваючы, Сімон Пётра сказаў: «Ты – Хрыстос, Сын Бога жывога». 17 А Ісус, адказваючы, сказаў: «Дабраславёны ты, Сімон Бар Ёна, бо не цела і кроў аб’явілі табе, але Айцец Мой, Які ў небе. 18 І Я табе кажу: “Ты – Пётра, і на гэтым камені пабудую царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе. 19 Ды дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе; і што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе”». 20 Потым загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён Ісус Хрыстос. 21 Ад гэтага часу пачаў Ісус адкрываць вучням Сваім, што трэба Яму ісці ў Ерузалім, і многа цярпець ад старэйшын і ад першасвятароў і кніжнікаў, ды быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. 22 І, адвёўшы Яго, Пётра пачаў Яго папракаць, кажучы: «Пашкадуй Сябе, Госпадзе, да не прыйдзе гэта на Цябе». 23 А Ісус, павярнуўшыся, сказаў Пётры: «Ідзі ад Мяне, шатан, бо ты для Мяне згаршэнне. Бо не разумееш тое, што Божае, але што чалавечае». 24 Тады сказаў Ісус вучням Сваім: «Калі хто хоча ісці за Мной, хай зрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мной. 25 Бо хто б хацеў уратаваць душу сваю, загубіць яе. А хто загубіць душу сваю за Мяне, знойдзе яе. 26 Бо што за карысць чалавеку, калі ўвесь свет здабудзе, а душы сваёй шкоду ўчыніць? Або што чалавек дасць наўзамен за душу сваю? 27 Бо Сын Чалавечы прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі і тады аддасць кожнаму паводле спраў яго. 28 Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у Валадарстве Сваім». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)