МАЦЬВЕЯ 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Потым падышлі да Ісуса кніжнікі і фарысеі з Ерузаліма, кажучы: 2 «Чаму вучні Твае пераступаюць звычаі старэйшых? Бо яны не мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб». 3 А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Чаму і вы пераступаеце прыказанні Божыя дзеля вашай традыцыі? Бо Бог сказаў: 4 “Шануй бацьку твайго і маці”, і таксама: “Хто зняважыць бацьку або маці – хай будзе смерцю пакараны”. 5 Вы ж кажаце: “Той, хто скажа бацьку або маці: “Дар ёсць тое, у чым табе ад мяне была б карысць”, 6 той можа не шанаваць бацькі свайго ці маці сваю”. Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашай традыцыі. 7 Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы: 8 “Гэты народ набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і шануе Мяне языком, але сэрца іх далёка ад Мяне; 9 ды дарэмна ўшаноўваюць Мяне, выкладаючы вучэнні і прыказанні людскія”». 10 І, склікаўшы людзей, казаў ім: «Слухайце і разумейце: 11 не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выходзіць, тое апаганьвае чалавека». 12 Тады падышлі вучні Яго і кажуць Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?» 13 А Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Усякая расліна, якой не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, выкарчавана будзе. 14 Пакіньце іх: яны сляпыя правадыры сляпых; а калі сляпы сляпога наперадзе вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму». 15 А Пётра, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам гэтую прыпавесць». 16 А Ён сказаў: «І вы таксама яшчэ без розуму? 17 Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў чэрава і выкідаецца вонкі? 18 А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта апаганьвае чалавека. 19 Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужаложства, распуста, рабункі, фальшывыя сведчанні, блюзненні. 20 Гэта тое, што апаганьвае чалавека. А есці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека». 21 І, выйшаўшы адтуль, Ісус накіраваўся ў межы Тыра і Сідона. 22 І вось, жанчына хананейка, выйшаўшы з тых мясцін, крычала Ісусу, кажучы: «Злітуйся нада мной, Госпадзе, Сыне Давіда! Дачка мая моцна ад дэмана пакутуе». 23 А Ён не адказаў ёй ані слова. А вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусці яе, бо яна крычыць нам услед». 24 Але Ён, адказваючы, гаворыць: «Пасланы Я толькі да авец, якія пакінулі дом Ізраэля». 25 А яна падышла і пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе, дапамажы мне!» 26 Ён, адказваючы, гаворыць: «Не добра забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанятам». 27 А яна сказала: «Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць ад крошак, якія падаюць са стала гаспадароў іх». 28 Тады, адказваючы, Ісус гаворыць ёй: «О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца табе, як ты хочаш». І ў тую ж гадзіну дачка яе была аздароўлена. 29 І, калі выйшаў адтуль Ісус, прыйшоў Ён на бераг мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сядзеў там. 30 І падышлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабой кульгавых, сляпых, нямоглых, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Ісуса, і Ён аздаравіў іх, 31 так што людзі дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, нямоглыя аздараўляюцца, і кульгавыя ходзяць, і сляпыя бачаць. І ўслаўлялі Бога Ізраэля. 32 Ісус жа, паклікаўшы вучняў Сваіх, казаў: «Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне і не маюць чаго есці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не аслабелі ў дарозе». 33 І кажуць Яму вучні Яго: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткі натоўп?» 34 І гаворыць ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і крыху рыбы». 35 І загадаў Ісус людзям узлегчы на зямлі. 36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбу і падзяку складаючы, разламаў і даў вучням Сваім, а вучні людзям. 37 І елі ўсе, і наеліся. А таго, што засталося з кавалкаў, назбіралі сем поўных кашоў. 38 А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын. 39 І, адпусціўшы людзей, Ён увайшоў у лодку і прыплыў у межы Магдаліна. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)