МАЦЬВЕЯ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У той час пачуў тэтрарх Ірад погалас пра Ісуса. 2 Дык гаварыў ён паслугачам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму праз яго творацца цуды». 3 Бо Ірад узяў Яна, і звязаў яго, і пасадзіў у вязніцу дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго. 4 Бо Ян казаў яму: «Нельга табе мець яе». 5 І ён хацеў забіць яго, але баяўся народа, бо лічылі яго прарокам. 6 Але ў дзень нараджэння Ірада дачка Ірадыяды скакала ў прысутнасці ўсіх і спадабалася Іраду. 7 Дык пад прысягай ён абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе. 8 Яна, падвучаная маці сваёй, сказала яму: «Дай мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля». 9 Цар засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам узлягалі, загадаў, каб далі. 10 І паслаў адсячы Яну галаву ў вязніцы. 11 І прынеслі яго галаву на блюдзе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй. 12 А вучні яго, прыступіўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі пра гэта Ісусу. 13 Калі Ісус пачуў пра гэта, Ён адплыў адтуль на лодцы ў пустыннае месца адзін. І, калі пачулі, многія людзі пайшлі за Ім следам пехатою з гарадоў. 14 І, выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп, і пашкадаваў іх, і аздаравіў хворых іх. 15 Калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Месца тут пустыннае, і час ужо позні; адпусці людзей, каб, пайшоўшы ў селішчы, купілі сабе харчоў». 16 Ісус жа сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці». 17 Яны ж кажуць Яму: «Не маем мы тут нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы». 18 Ён гаворыць: «Прынясіце Мне іх сюды». 19 І пасля таго, як загадаў людзям узлегчы на траву, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, зірнуў на неба, дабраславіў, і паламаў, і раздаў вучням хлябы, а вучні – людзям. 20 І елі ўсе і наеліся, а з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў. 21 Людзей жа, што елі, было каля пяці тысяч, апрача жанчын і дзяцей. 22 І адразу ж загадаў вучням сесці ў лодку і выправіцца раней за Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. 23 І, адпусціўшы людзей, адзін узышоў на гару маліцца. А калі звечарэла, адзін там заставаўся. 24 А лодка ўжо адплыла на многа стадый ад зямлі, і кідалі яе хвалі, бо вецер быў супраціўны. 25 А чацвёртай начной варце прыйшоў Ісус да іх, ідучы па моры. 26 А вучні, бачачы, што Ён ідзе па моры, напалохаліся, кажучы: «Гэта здань!» Ды ад страху закрычалі. 27 Дык адразу звярнуўся да іх Ісус, кажучы: «Бадрыцеся, гэта Я; не палохайцеся». 28 Пётра ж сказаў Яму: «Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе». 29 А Ён сказаў: «Ідзі!» Дык Пётра, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, і прыйшоў да Ісуса. 30 Але, адчуваючы моцны вецер, спалохаўся і, калі пачаў тануць, закрычаў, кажучы: «Госпадзе, ратуй мяне!» 31 А Ісус, працягнуўшы руку, зараз схапіў яго і гаворыць яму: «Малаверны, чаму засумняваўся?» 32 І, калі ўвайшлі ў лодку, сціх вецер. 33 А тыя, што былі ў лодцы, пакланіліся Яму, кажучы: «Сапраўды, Ты – Сын Божы». 34 І, калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Генезарэцкую. 35 І, калі даведаліся пра Яго людзі з таго месца, абвясцілі па ўсім тым наваколлі, і ўсе прынеслі да Яго немачных, 36 і прасілі Яго дакрануцца хоць да краю вопраткі Яго; і тыя, хто толькі дакранаўся, рабіліся здаровымі. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)