МАЦЬВЕЯ 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Таго ж дня Ісус, выйшаўшы з дома, сядзеў ля мора. 2 І сабралася пры Ім мноства людзей, так што Ён, у лодку ўвайшоўшы, сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе. 3 І прамаўляў Ён да іх шмат у прыпавесцях, кажучы: «Вось выйшаў сейбіт сеяць. 4 І, калі сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі тое. 5 Іншае ж упала на камяністую зямлю, дзе не мела шмат глебы, і ўзышло зараз жа, бо глеба была неглыбокая. 6 Калі ж паднялося сонца, павяла, бо не мела карэння, і засохла. 7 Трэцяе ўпала між цернямі, і церні выраслі і заглушылі яго. 8 Чацвёртае ж упала на добрую зямлю і дало плод: адно – сто, другое – шэсцьдзясят, а трэцяе – трыццаць. 9 Хто мае вушы, хай слухае». 10 І, падышоўшы, вучні сказалі Яму: «Чаму прамаўляеш да іх у прыпавесцях?» 11 Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім гэта не дадзена. 12 Бо таму, хто мае, дададзена будзе і памножыцца; а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята. 13 Таму гавару ім у прыпавесцях, бо яны, гледзячы, не бачаць і, слухаючы, не чуюць ды не разумеюць. 14 Так спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, які кажа: “Слыхам пачуеце – і не зразумееце. Гледзячы, будзеце глядзець – і не ўбачыце. 15 Бо сэрца гэтага народа зрабілася жорсткім, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачамі не ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх”. 16 Дабраславёныя ж вочы вашы, бо бачаць, і вушы вашы, бо чуюць. 17 Сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, і не бачылі, ды чуць, што вы чуеце, і не чулі. 18 Вы ж слухайце наконт прыпавесці пра сейбіта. 19 Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць ліхі і выкрадае тое, што пасеяна ў сэрцы яго. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна. 20 А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, гэта той, хто слухае слова і адразу з радасцю прымае яго, 21 але не мае кораня, таму зменны. І, калі настане ўціск і пераследы за слова, адразу ж спакушаецца. 22 А ў каго пасеяна між цернямі, гэта той, хто слова слухае, але клопаты жыцця і панада багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. 23 У каго ж на добрай зямлі пасеяна, гэта той, хто слова слухае, і разумее, і прыносіць плод: адзін – у сто разоў, другі – у шэсцьдзясят, а іншы – у трыццаць». 24 Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: «Падобна Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на сваёй раллі. 25 Але калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго, і насеяў кукалю пасярод пшаніцы, і пайшоў. 26 І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль. 27 А паслугачы, прыйшоўшы да гаспадара дома, сказалі яму: “Гаспадару, ці ж ты не добрае пасеяў насенне на сваёй раллі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?” 28 А ён ім гаворыць: “Вораг людзей гэта зрабіў”. Паслугачы ж кажуць яму: “Хочаш, мы пойдзем і збяром яго?” 29 Але ён сказаў: “Не, каб часам, збіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу. 30 Дазвольце і аднаму, і другому расці да жніва. А ў час жніва скажу жняцам: “Збярыце раней кукаль і звяжыце ў пучкі, каб спаліць яго, а пшаніцу збярыце ў маё гумно”». 31 Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: «Падобна Валадарства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў на сваёй раллі. 32 Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасце, то большае за любую зеляніну і становіцца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і гняздуюцца на яго галінах». 33 Іншую прыпавесць расказаў ім: «Падобна Валадарства Нябеснае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль усё не закісла». 34 Гэта ўсё расказваў Ісус многім людзям у прыпавесцях і без прыпавесцей не гаварыў да іх, 35 каб споўнілася тое, што было сказана прарокам, які казаў: «Адкрыю вусны Мае ў прыпавесцях, выказваць буду тое, што было скрыта ад стварэння свету». 36 Потым, адпусціўшы людзей, Ісус увайшоў у дом, і прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Растлумач нам прыпавесць пра кукаль на раллі». 37 Ён, адказваючы, гаворыць ім: «Той, хто рассявае добрае насенне, ёсць Сын Чалавечы. 38 Ралля – гэта свет; добрае насенне – гэта сыны Валадарства, а кукаль – сыны ліхога; 39 а вораг, які пасеяў яго, – гэта д’ябал; жніво – канец свету, а жняцы – анёлы. 40 І падобна таму, як збіраюць кукаль і паляць агнём, так будзе пры канцы свету. 41 Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і яны збяруць з Валадарства Яго ўсе згаршэнні і тых, што чыняць беззаконне, 42 і ўкінуць іх у печ вогненную. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў. 43 Тады справядлівыя будуць яснець, як сонца, у Валадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, хай слухае. 44 Падобнае Валадарства Нябеснае да скарба, схаванага ў зямлі, які ўтойвае чалавек, што знайшоў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю. 45 Таксама падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае прыгожыя пэрлы. 46 Ён, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе. 47 Падобнае таксама Валадарства Нябеснае да нерату, што быў закінуты ў мора ды сабраў рыбу ўсялякага роду. 48 Калі ён поўны, дык, выцягнуўшы яго на бераг ды сеўшы, добрае адбіраюць у посуд, а благое прэч адкідаюць. 49 Так будзе пры канцы свету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх спасярод справядлівых, 50 ды ўкінуць іх у печ вогненную. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў. 51 Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны кажуць Яму: «Так, Госпадзе». 52 А Ён ім гаворыць: «Таму кожны кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да чалавека гаспадара дому, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое». 53 І сталася, калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, пайшоў адтуль. 54 І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў у сінагозе іх, а яны дзівіліся і казалі: «Адкуль жа ў Яго гэтая мудрасць і магутнасць? 55 Ці ж гэта не Сын цесляра? Ці ж Маці Яго не завуць Марыяй, а братоў Яго – Якубам і Язэтам, Сімонам і Юдай? 56 А сёстры Яго ці ж не ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?» 57 Ды зняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне яго і ў доме сваім». 58 І не ўчыніў там многіх цудаў з-за нявер’я іх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)