МАЦЬВЕЯ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама. 2 Абрагам быў бацькам Ізаака, а Ізаак быў бацькам Якуба, а Якуб быў бацькам Юды і братоў яго. 3 А Юда быў бацькам Пэрэса і Зары ад Тамар, а Пэрэс быў бацькам Эсрома, а Эсром быў бацькам Арама. 4 А Арам быў бацькам Амінадаба, а Амінадаб быў бацькам Наасона, а Наасон быў бацькам Салмона. 5 А Салмон быў бацькам Баоза ад Рахаб, а Баоз быў бацькам Абэда ад Рут, а Абэд быў бацькам Ясэя, 6 а Ясэй быў бацькам Давіда цара, а Давід цар быў бацькам Саламона ад тае, што была Урыявай. 7 А Саламон быў бацькам Рабаама, а Рабаам быў бацькам Абіі, а Абія быў бацькам Асы. 8 А Аса быў бацькам Язафата, а Язафат быў бацькам Ярама, а Ярам быў бацькам Озіі. 9 А Озія быў бацькам Ёатама, а Ёатам быў бацькам Ахаза, а Ахаз быў бацькам Эзэкіі. 10 А Эзэкія быў бацькам Манасы, а Манаса быў бацькам Амона, а Амон быў бацькам Осіі. 11 А Осія быў бацькам Яхоніі і братоў яго ў час перасялення ў Бабілон. 12 А па перасяленні ў Бабілон Яхонія быў бацькам Салатыэля, а Салатыэль быў бацькам Зарабабэля. 13 А Зарабабэль быў бацькам Абіюда, а Абіюд быў бацькам Эліякіма, а Эліякім быў бацькам Азора. 14 А Азор быў бацькам Садока, а Садок быў бацькам Ахіма, а Ахім быў бацькам Эліюда. 15 А Эліюд быў бацькам Элеязэра, а Элеязэр быў бацькам Матана, а Матан быў бацькам Якуба. 16 А Якуб быў бацькам Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, што завецца Хрыстос. 17 Такім чынам, ад Абрагама да Давіда ўсіх пакаленняў было чатырнаццаць; і ад Давіда да перасялення ў Бабілон – чатырнаццаць пакаленняў; і ад перасялення ў Бабілон да Хрыста – чатырнаццаць пакаленняў. 18 Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было такім: калі Маці Яго Марыя была заручана з Язэпам, перш чым яны злучыліся, выявілася, што Яна мае ва ўлонні ад Духа Святога. 19 Язэп жа, Яе муж, паколькі быў справядлівы і не хацеў Яе зняславіць, надумаўся тайком Яе адпусціць. 20 А калі ён пра гэта думаў, вось, Анёл Госпадаў паказаўся яму ўва сне, кажучы: «Язэп, сын Давідаў, не бойся прыняць Марыю, сужонку тваю. Бо што ў Ёй пачалося, пачалося з Духа Святога. 21 Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іх». 22 А ўсё гэта сталася, каб збылося тое, што сказана было Госпадам праз прарока, які казаў: 23 «Вось жа Дзева панясе ва ўлонні і народзіць Сына, і назавуць імя Яго Імануэль, што значыць Бог з намі». 24 Затым Язэп, узняўшыся ад сну, зрабіў так, як яму загадаў Анёл Госпадаў, і прыняў сваю сужонку. 25 І не спазнаваў Яе, аж пакуль Яна нарадзіла Сына Свайго Першароднага, і назваў Яго імем Ісус. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)