МАРКА 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І па некалькіх днях зноў Ён наведаў Кафарнаўм, і людзі пачулі, што Ён у доме, 2 і адразу сышлося такое мноства, што нават пры дзвярах не маглі памясціцца, і гаварыў ім слова. 3 І прыйшлі да Яго насільшчыкі са спаралізаваным, якога неслі ўчатырох. 4 І калі з-за натоўпу не маглі яго паднесці да Ісуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусцілі пасцель, на якой ляжаў спаралізаваны. 5 А калі Ісус убачыў іх веру, кажа спаралізаванаму: «Дзіця, даруюцца грахі твае». 6 Былі ж там некаторыя кніжнікі, што сядзелі і думалі ў сэрцы сваім: 7 «Што Ён кажа? Блюзніць! Хто можа дараваць грахі, калі не Сам Бог?» 8 А Ісус, адразу пазнаўшы Сваім Духам, што яны так думалі ў сабе, кажа ім: «Што думаеце ў сэрцах вашых? 9 Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: “Даруюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі пасцель сваю і хадзі”. 10 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, – гаворыць спаралізаванаму: 11 “Табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і вяртайся ў дом твой”». 12 Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы пасцель, пайшоў перад усімі, тк што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі не бачылі». 13 І Ісус зноў адышоў да мора, а ўвесь натоўп людзей ішоў да Яго, і Ён навучаў іх. 14 І, калі праходзіў міма, убачыў Леві Алфеева, што сядзеў на мытні, і гаворыць яму: «Ідзі за Мной!» І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім. 15 І здарылася, калі ўзлягаў пры стале ў доме яго, узлягала разам з Ісусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім. 16 І кніжнікі, і фарысеі, бачачы, што Ісус есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?» 17 Пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровым патрэбны лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў да пакаяння». 18 Вучні Янавы і фарысеі посцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: «Чаму, вось, вучні Янавы і фарысейскія посцяць, а Твае вучні не посцяць?» 19 Адказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посціць вясельнікі, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, не могуць посціць. 20 А надыдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посціць у тыя дні. 21 Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзення, бо новая лата раздзярэ старое адзенне, і дзіра зробіцца большая. 22 Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі – і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя». 23 Прыйшлося аднойчы Яму ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Яго пачалі зрываць каласы. 24 Дык фарысеі казалі Яму: «Вось што робяць у суботу, гэта ж не след рабіць!» 25 Ісус жа кажа ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі? 26 Як увайшоў у дом Божы за Абіятарам першасвятаром ды еў хлябы пакладныя, якіх нельга яму было есці, а толькі святарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?» 27 Ды казаў ім: «Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы. 28 Значыць, Сын Чалавечы ёсць Гаспадар суботы». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)