МАРКА 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І, калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Саламея накуплялі духмянасцей, каб пайсці і памазаць Ісуса. 2 І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўжо ўзышло сонца. 3 І гаварылі між сабою: «Хто нам адкоціць камень ад уваходу ў магілу?» 4 І, глянуўшы, бачаць яны адвалены камень. А ён быў велізарны. 5 І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, што сядзеў з правага боку і быў адзеты ў белае адзенне, і зжахнуліся. 6 А ён кажа ім: «Не палохайцеся! Шукаеце Ісуса з Назарэта, укрыжаванага. Ён уваскрос, няма Яго тут; вось месца, дзе Яго паклалі. 7 Але ідзіце і паведаміце вучням Яго і Пётры: “Ён ідзе перад вамі ў Галілею. Там Яго ўбачыце, як Ён вам сказаў”». 8 І, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх ды трывога; і нікому нічога не казалі, бо баяліся. 9 Уваскросшы на світанні ў першы дзень тыдня, Ісус найперш паказаўся Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў. 10 А яна пайшла і паведаміла тым, што з Ім былі, якія сумавалі і плакалі. 11 Але яны, пачуўшы, што Ён жывы і што яна Яго бачыла, не паверылі. 12 Пасля таго Ён паказаўся двум з іх у іншым выглядзе на дарозе ў паселішча. 13 І яны пайшлі і расказалі іншым, але і ім не паверылі. 14 Нарэшце паказаўся Ён адзінаццаці, калі яны ўзлягалі пры стале, і дакараў іх за недаверства і закамянеласць сэрца, што не паверылі тым, што бачылі Яго ўваскрослага. 15 І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь свет і абвяшчайце Евангелле ўсяму стварэнню. 16 Хто паверыць і прыме хрост, будзе збаўлены. Хто ж не паверыць, будзе асуджаны. 17 А тых, што павераць, будуць суправаджаць такія знакі: у імя Маё будуць яны выганяць дэманаў, на новых мовах гаварыць будуць, 18 змеяў будуць падымаць, ды хоць бы што атрутнае выпілі – не пашкодзіць ім, на хворых рукі ўскладаць будуць – і яны аздараўляцца будуць». 19 І пасля размовы з імі Госпад Ісус узнёсся ў неба, і сядзіць праваруч ад Бога. 20 А яны, пайшоўшы, вясцілі ўсюды, а Госпад дапамагаў ім і падмацоўваў словы іх знакамі, што іх суправаджалі. Амін. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)