МАРКА 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І зараз раніцай, Ісуса, па нарадзе першасвятароў са старэйшынамі і кніжнікамі, і ўсяго сангедрыёна, звязаўшы, павялі і перадалі Пілату. 2 І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты – Цар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш». 3 І вінавацілі Яго першасвятары ў многіх рэчах. 4 Дык Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: «Чаму не адказваеш? Глядзі, як многа супраць Цябе абвінавачанняў». 5 Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся. 6 На свята ён меў звычай вызваляць ім аднаго з вязняў, каго б захацелі. 7 Быў жа нейкі адзін, на імя Бараба, увязнены разам з бунтаўнікамі, які ў час бунту ўчыніў забойства. 8 І калі сабраўся натоўп людзей, пачаў дамагацца таго, што ім звычайна рабілі. 9 Пілат жа звярнуўся да іх і сказаў: «Хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?» 10 Бо ведаў, што Яго выдалі першасвятары праз зайздрасць. 11 Але першасвятары падбухторылі людзей, каб ім лепш адпусціў Барабу. 12 І Пілат, адказваючы, гаварыў ім паўторна: «Дык што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Царом Юдэйскім?» 13 Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!» 14 Дык Пілат сказаў ім: «Што благога зрабіў Ён?» Але яны тым болей крычалі: «Укрыжуй Яго!» 15 І Пілат, жадаючы дагадзіць народу, выпусціў ім Барабу, а Ісуса, пасля бічавання, выдаў на ўкрыжаванне. 16 А ваяры ўвялі Яго ў панадворак, што завецца прэторыя, і склікалі ўсю кагорту. 17 І апранулі Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, 18 і пачалі Яго вітаць: «Радуйся, Цар Юдэйскі!» 19 І трысцінай білі Яго па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, кланяліся Яму. 20 І, калі ўжо наздзекаваліся з Яго, знялі з Яго пурпур ды зноў апранулі Яго ў адзенне Яго, ды павялі Яго на ўкрыжаванне. 21 І прымусілі нейкага Сімона Цырэнейца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб нёс крыж Яго. 22 І прывялі Яго на Гальготу, што значыць «месца чэрапа». 23 І давалі Яму выпіць віно, змяшанае з сокам міры, але не прыняў. 24 І ўкрыжаваўшы Яго, дзелілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя між сабою, каму што ўзяць. 25 А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго. 26 І быў надпіс віны Яго: «Цар Юдэйскі». 27 І ўкрыжавалі разам з Ім двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч ад Яго. 28 І збылося Пісанне: і да злодзеяў быў залічаны. 29 І тыя, што міма праходзілі, плявузгалі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, што руйнуеш святыню ды зноў узнаўляеш у тры дні, 30 уратуй Сябе Самога, зыдзі з крыжа». 31 Таксама і першасвятары з кніжнікамі, смеючыся з Яго, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. 32 Няхай жа Хрыстос, Цар Ізраэля, сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама і тыя, што былі з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго. 33 А калі настала гадзіна шостая, усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзявятай. 34 І а дзевятай гадзіне Ісус закрычаў моцным голасам: «Гэлёі, Гэлёі! Лама сабахтані», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» 35 І некаторыя з тых, што бліжэй стаялі, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён Іллю кліча». 36 А адзін, падбегшы, напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы яе на трысціну, даваў Яму піць, кажучы: «Пачакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». 37 Ісус жа, закрычаўшы моцным голасам, сканаў. 38 І заслона ў святыні разадралася напалам з верху аж да нізу. 39 Сотнік жа, што стаяў насупраць, бачачы, што Ісус, так закрычаўшы, сканаў, гаворыць: «Сапраўды, Гэты Чалавек быў Сын Божы». 40 А былі там і жанчыны, здалёк паглядаючыя, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Язэта, і Саламея, 41 якія, калі Ісус быў у Галілеі, хадзілі з Ім і паслугавалі Яму, ды многа іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Ерузалім. 42 І, калі звечарэла, а быў гэта дзень прыгатавання, які бывае перад суботаю, 43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, знатны член рады, які сам чакаў прыходу Валадарства Божага, і адважна ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісуса. 44 Але Пілат сумняваўся, ці ўжо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр, 45 і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу. 46 Язэп жа купіў плашчаніцу і, зняўшы Яго, абгарнуў Яго плашчаніцай ды паклаў у магіле, што была высечана ў скале, і падкаціў камень да ўваходу ў магілу. 47 Марыя ж Магдалена і Марыя, маці Язэпа, глядзелі, дзе пахавалі Яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)