Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МАРКА 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Да Пасхі і свята праснакоў заставалася два дні. Дык першасвятары і кніжнікі шукалі, як Ісуса схапіць хітрасцю і забіць.

2 Казалі аднак: «Толькі не ў святочны дзень, каб не дайшло да замяшання ў народзе».

3 І, калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага, і ўзлягаў за сталом, прыйшла жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку нардавага, і, разбіўшы алябастр, выліла Ісусу на галаву.

4 А некаторыя з прысутных абураліся ў сабе і казалі: «Нашто было марнаваць гэты алеек?

5 Можна было гэты алеек прадаць даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.

6 А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Чаму робіце ёй прыкрасць? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.

7 Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе і, калі захочаце, зможаце ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.

8 Яна, што мела, зрабіла: алейкам цела Маё прыгатавала на пахаванне.

9 Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе прапаведана гэта Евангелле ва ўсім свеце, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе».

10 А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім.

11 Яны, пачуўшы, вельмі ўзрадаваліся і абяцалі яму, што дадуць яму грошы. Ён жа шукаў, як Яго ў прыдатны час выдаць.

12 У першы дзень праснакоў, калі прыносіцца ў ахвяру Пасха, кажуць Яму вучні Яго: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці Пасху?»

13 І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: «Ідзіце ў горад, і спаткае вас чалавек, які будзе несці збан вады; ідзіце за ім.

14 І, куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: “Настаўнік кажа: “Дзе пакой мой, дзе б разам з Маімі вучнямі мог бы з’есці Пасху?”

15 Ён вам пакажа вялікую святліцу усланую, прыбраную; вось, там прыгатуйце месца нам».

16 Дык адправіліся вучні Яго ў горад ды знайшлі, як ім сказаў, і прыгатавалі Пасху.

17 І, калі настаў вечар, прыходзіць туды з дванаццаццю.

18 І, калі ўзлеглі і елі, гаворыць Ісус: «Сапраўды кажу вам: адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне».

19 Яны пачалі засмучацца і адзін за адным сталі гаварыць Яму: «Ці гэта не я?» І зноў: «Ці гэта не я?»

20 Ён гаворыць ім: «Адзін з дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.

21 Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як аб Ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б яму, каб той чалавек не быў народжаны».

22 І, калі яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў ім, і гаворыць: «Бярыце, ежце: гэта ёсць Цела Маё».

23 І, узяўшы келіх, падзяку складаючы, даў ім; і пілі з яго ўсе.

24 І гаворыць ім: «Гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца.

25 Сапраўды кажу вам: “Не буду піць ужо з гэтага плода вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае ў Валадарстве Божым”».

26 І, запспяваўшы гімн, узняліся на гару Аліўную.

27 І гаворыць ім Ісус: «Вы ўсе згоршыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, як напісана: “Удару пастыра, і разбягуцца авечкі”,

28 але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею».

29 А Пётра кажа Яму: «Хоць бы ўсе згоршыліся, але я – не».

30 І гаворыць яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы певень прапяе, тройчы зрачэшся Мяне».

31 Але ён тым мацней сцвярджаў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не зракуся». Падобна і ўсе казалі.

32 І прыходзяць у сяло, якое завецца Гетсэмань, і гаворыць Ён вучням Сваім: «Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся».

33 І бярэ з сабою Пётру, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.

34 І кажа ім: «Сумная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце».

35 І, крыху адышоўшы, Ён упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.

36 І казаў: «Абба, Ойча! Табе ўсё магчыма, пранясі міма Мяне гэты келіх; але не як Я хачу, але як Ты!»

37 І прыходзіць да іх, і знаходзіць іх спячых. Дык гаворыць Пётры: «Сімоне, ты спіш? Не змог ты хоць гадзіну патрываць?

38 Чувайце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: бо дух бадзёры, а цела нямоглае».

39 І, адышоўшы, зноў маліўся тымі самымі словамі.

40 І вярнуўшыся зноў, знайшоў, што яны спяць, бо вочы іх былі ацяжэлыя, і не ведалі, што Яму адказаць.

41 Ды трэці раз прыходзіць і гаворыць ім: «Спіце ўжо і адпачываеце? Даволі! Надышла гадзіна: вось жа, Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.

42 Падыміцеся, пойдзем, вось, ужо блізка той, хто Мяне выдае».

43 І, калі Ісус яшчэ гаварыў, хутка падышоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мечамі і палкамі ад першасвятароў і кніжнікаў ды старэйшын.

44 Здраднік жа Яго даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго і вядзіце асцярожна».

45 І, калі падышоў, зараз жа прыступіўся да Ісуса і гаворыць: «Рабі! Рабі!», і пацалаваў Яго.

46 Яны ж наваліліся на Яго і схапілі Яго.

47 А адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы меч, ударыў паслугача першасвятара і адсёк яму вуха.

48 І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Як на разбойніка выйшлі з мечамі і палкамі, каб схапіць Мяне.

49 Штодзень быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не ўзялі Мяне, але няхай здзейсняцца Пісанні».

50 І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

51 І адзін юнак, адзеты толькі посцілкай па клубах, ішоў за Ім, і яго схапілі,

52 але ён выкруціўся з посцілкі і голы ўцёк ад іх.

53 І прывялі Ісуса да першасвятара, і сабраліся да яго ўсе першасвятары, старэйшыны і кніжнікі.

54 Пётра ж здалёку ішоў за Ім, аж увайшлі ў сярэдзіну панадворка першасвятара, і потым сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні.

55 А першасвятары ды ўся рада шукалі сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць, але не знаходзілі.

56 Бо многія фальшыва сведчылі супраць Яго, але іх сведчанні не сыходзіліся.

57 І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сведчылі супраць Яго, кажучы:

58 «Мы чулі, як Ён казаў: “Я развалю гэтую святыню, пабудаваную рукамі, а праз тры дні збудую іншую, якая будзе нерукатворнай”».

59 Але і іх сведчанні не сыходзіліся.

60 І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса: «Чаму нічога не адказваеш на тое, у чым яны Цябе абвінавачваюць?»

61 Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Тады першасвятар спытаўся Яго, кажучы Яму: «Ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?»

62 Ісус сказаў яму: «Я ёсць, і вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч Магутнасці ды прыходзіць на аблоках нябесных».

63 І першасвятар, раздзіраючы шаты свае, гаворыць: «Нашто патрэбны нам яшчэ сведкі?

64 Вы чулі блюзненне; што вы думаеце?» І яны ўсе прысудзілі, што Ён варты смерці.

65 І некаторыя пачалі на Яго пляваць і, засланіўшы твар Яго, біць Яго кулакамі, крычучы на Яго: «Праракуй!» І паслугачы давалі Яму поўхі.

66 І калі Пётра быў на панадворку, на нізе, прыходзіць адна са служак першасвятара

67 і, убачыўшы Пётру, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэта».

68 Але ён запярэчыў, кажучы: «Ані я не ведаю, ані разумею, пра што ты гаворыш». І выйшаў вонкі ў прысенак, і запяяў певень.

69 І служка, калі ўбачыла яго, пачала зноў казаць тым, што навокал: «Гэта адзін з іх».

70 А ён ізноў адрокся. І неўзабаве тыя, што там стаялі, кажуць Пётры: «Ты сапраўды з іх, бо ты – з Галілеі, і гутарка твая падобная».

71 А ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю Гэтага Чалавека, аб Якім кажаце».

72 І адразу другі раз запяяў певень. Тады Пётра ўспомніў словы, якія яму казаў Ісус: «Раней, чым двойчы запяе певень, ты тройчы зрачэшся Мяне», і пачаў плакаць.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы