Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МАРКА 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І пачаў Ісус прамаўляць да іх у прыпавесцях: «Чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і аддаліўся.

2 У свой час паслаў ён паслугача да вінаградараў, каб атрымаць пладоў з вінаградніку.

3 Яны ж, схапіўшы яго, збілі ды адправілі з пустым.

4 І зноў выправіў да іх іншага паслугача, а яны і таму, пабіўшы каменнямі, разбілі галаву і зняважылі.

5 І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых: адных пакалечылі, другіх пазабівалі.

6 Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбёнага сына, паслаў яго ўрэшце, кажучы: “Ушануюць сына майго”.

7 Але тыя вінаградары гаварылі між сабой: “Ён – спадкаемец! Пойдзем, заб’ем яго – і нашаю будзе спадчына”.

8 Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.

9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і заб’е вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.

10 Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла.

11 Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”»?

12 І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыпавесць. Дык, пакінуўшы Яго, адышлі.

13 І паслалі да Яго некаторых з фарысеяў і ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў слове.

14 Вось, яны, падышоўшы, спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарозе Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»

15 А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, гаворыць ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць».

16 Дык прынеслі Яму дынар. І кажа ім: «Чый гэта адмалюнак і надпіс?» Кажуць Яму: «Цэзара».

17 Дык сказаў ім Ісус: «Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае – Богу». І дзівіліся з Яго.

18 І прыходзяць да Ісуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:

19 «Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ чыйсьці брат і пакіне жонку, не маючы сына, дык хай яго брат возьме яе за жонку і створыць нашчадка брату свайму”.

20 Было сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы нашчадка.

21 І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы нашчадка. Падобна і трэці.

22 Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі нашчадка. Пасля ўсіх памерла і жанчына.

23 Дык пры ўваскрэсенні, калі ўваскрэснуць, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».

24 Гаворыць ім Ісус: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце ні Пісання, ані магутнасці Божай?

25 Бо калі ўстануць з мёртвых, дык не будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы ў нябёсах.

26 Пра мёртвых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог сказаў яму пры кусце, гаворачы: “Я – Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”?

27 Бог не ёсць мёртвых, але Бог жывых! Дык вы моцна памыляецеся».

28 І адзін кніжнік, які чуў іх, як яны спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Ісус адказаў, падышоў да Ісуса і спытаўся ў Яго: «Каторае прыказанне з усіх першае?»

29 Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказанняў такое: “Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш, – Госпад адзіны.

30 Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі тваімі”.

31 Другое, падобнае да яго: “Любі блізкага свайго як самога сябе”. Большага за гэтыя прыказанні няма».

32 І гаворыць Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што Бог адзіны, ды няма іншага, апрача Яго,

33 і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, усёю душою ды ўсімі сіламі, ды любіць бліжняга, як самога сябе, – гэта больш, чым усе цэласпаленні і ахвяры».

34 Ісус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.

35 І, навучаючы ў святыні, Ісус, адказваючы, казаў: «Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда?

36 Сам жа Давід сказаў праз Духа Святога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.

37 Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён – Сын яго?» І велізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.

38 І ў Сваёй навуцы казаў Ісус: «Сцеражыцеся кніжнікаў, якія ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку,

39 і першыя лаўкі ў сінагогах ды першыя месцы на банкетах,

40 якія аб’ядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд».

41 І, сеўшы насупраць скарбонкі, Ісус глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.

42 І калі прыйшла адна ўбогая ўдава, то кінула дзве лепты, значыць квадрант.

43 І, паклікаўшы Сваіх вучняў, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.

44 Бо ўсе кідалі з таго, што было ў іх у дастатку, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманне».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы