Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МІХЕЯ 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Слухайце, што кажа Госпад: «Устань, судзіся на віду гор, і хай чуюць твой голас узгоркі!»

2 Слухайце, горы, прысуд Госпадаў, і нахініце вушы, падваліны зямлі, бо Госпад судзіцца з народам Сваім, і Ізраэль будзе Ён вінаваціць.

3 «Народ Мой, што Я зрабіў табе або чым угнявіў цябе? Адкажы Мне.

4 Я вывеў цябе з зямлі Егіпецкай і з дому няволі вызваліў цябе, і паслаў перад табою Майсея, і Аарона, і Мірыям!

5 Народ Мой, узгадай, прашу, што наважыў зрабіць Балак, цар Мааба, і што адказаў яму Балаам, сын Бэора? Што рабілася ад Сэтыма аж да Галгала, каб спазнаў ты справядлівасць Госпада!»

6 «Што дастойнага маю ахвяраваць Госпаду, калі ўкленчу перад Богам Узвышнім? Ці ўскладу Яму ахвяру цэласпалення і маладых цялят?

7 Ці будуць падабацца Госпаду тысячы бараноў, многія тысячы ручаёў алею аліўкавага? Ці аддам я першароднага сына свайго за злачынства сваё, плод улоння майго за грэх душы маёй?»

8 Сказана было табе, чалавеча, што добрае і што патрабуе ад цябе Госпад: каб ты чыніў справядлівасць, і любіў міласэрнасць, і з пакораю хадзіў з Богам сваім.

9 Голас Госпада прызывае горад — і той мудры, хто баіцца імя Твайго: «Слухайце, пакаленні і грамада горада!

10 Ці магу Я цярпець бат несправядлівы і эфу паменшаную, агідную?

11 Ці магу апраўдаць вагі бязбожныя і падманную вагу кашалька?

12 За тое, што асілкі яго перапоўненыя злачыннасцю, ды жыхары яго кажуць няпраўду, і язык іх у вуснах іх — здрадлівы.

13 Такім чынам, Я пачаў караць цябе, пустошыць цябе за твае грахі.

14 Ты будзеш есці і не наясіся, і бруд будзеш адчуваць у нутры сваім. Ты будзеш хаваць і не зберажэш; і што захаваеш, Я аддам пад меч.

15 Ты будзеш сеяць і не пажнеш, будзеш выціскаць аліву і не намажашся алеем, будзеш выціскаць вінаград і не будзеш піць віна.

16 Захаваў ты загады Амры і ўсе ўчынкі дому Ахаба і кіраваўся радай іх — дык Я выдам цябе на спусташэнне і жыхароў тваіх — на пасмяянне: і будзеце вы несці ганьбу сярод народаў».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы