Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

МІХЕЯ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Слова Госпада, якое было да Міхея з Марэсэта ў дні Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юды, якое ўбачыў ён пра Самарыю і Ерузалім.

2 Слухайце, усе народы, і зважай, зямля і ўсё, што напаўняе яе; хай будзе Госпад Бог сведкам для вас, Госпад з палаца Свайго святога!

3 Бо вось, Госпад выходзіць з месца Свайго, і Ён сыходзіць, і будзе хадзіць па ўзвышшах зямлі;

4 растаюць пад Ім горы і распадуцца лагчыны, як воск ад агню, як воды, што сцякаюць імкліва.

5 Усё гэта дзеля злачынства Якуба ды грахоў дому Ізраэля. Якое злачынства Якуба? Ці не Самарыя? І хто паставіў узгоркі ў Юдзе? Ці не Ерузалім?

6 «І Я зраблю з Самарыі кучу камянёў, поле, дзе будуць разводзіць вінаград; і сцягну камяні яе ў лагчыну, і адкрыю падмуркі яе.

7 І ўсе яе ідалы будуць пабіты, і ўсе яе здабыткі будуць спалены агнём, і ўсіх ідалаў яе знішчу Я, бо з платы распусніцы яны сабраныя і ў плату распусніцы будуць пераменены».

8 Дзеля гэтага буду я плакаць і галасіць; буду хадзіць распрануты і голы, і выць буду, як шакалы, і бедаваць, як страусы,

9 бо невылечная рана яе, бо дайшло гэта аж да Юды, кранула браму народа майго, аж да Ерузаліма!

10 Не абвяшчайце гэтага ў Геце, не ліце слёз, у Бэтлеафры качайцеся ў попеле!

11 І перасяляйцеся, жыхаркі Сафіра, зганьбаваныя; не выйдуць і жыхаркі Саанана. Плач у Бэтэзэлі не дасць вам застацца на тым месцы.

12 Дрыжаць, напэўна, аб сваёй маёмасці жыхары Марота, бо спаслана бяда Госпадам на браму Ерузаліма.

13 Запрагай у калясніцу коней, жыхарка Лахіса; ты ёсць пачатак граху для дачкі Сіёна, бо ў цябе знайшлі правіны Ізраэля!

14 Дзеля таго будзеш ты пасылаць дары ў Марэсэтгэт. Паселішча Ахзіб будзе падманам для цароў ізраэльскіх.

15 Яшчэ здабыўцу прывяду да цябе, жыхарка Марэсы: ён прыйдзе аж да Адалама, славы Ізраэля!

16 Вырывай валасы свае і абстрыжыся, сумуючы па дзецях, суцяшэнні сваім; павяліч лысіну сваю, як у арла, бо павялі іх у няволю далёка ад цябе!

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы