ЛЯВІТ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Па прашэсці васьмі дзён паклікаў Майсей Аарона, і сыноў яго, і старэйшын родаў Ізраэля ды сказаў Аарону: 2 «Вазьмі са статка бычка ў ахвяру за грэх і барана на ахвяру цэласпалення, абодвух без заганы, ды складзі іх у ахвяру перад Госпадам. 3 А сынам Ізраэля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх і цяля і барана аднагадовых ды без заганы на ахвяру цэласпалення, 4 і вала і барана ў ахвяру прымірэння, і ахвяруйце іх перад Госпадам, і ахвяру хлебную, пакропленую алеем, бо сёння Госпад з’явіцца вам”». 5 І прынеслі ўсё тое, што загадаў Майсей, да ўваходу палаткі сустрэчы; там, калі прыйшла ўся супольнасць і стала перад Госпадам, 6 сказаў Майсей: «Вось тое, што загадаў Госпад: зрабіце, і аб’явіцца вам слава Яго!» 7 Сказаў ён таксама Аарону: «Прыйдзі да ахвярніка і складзі ахвяру за грэх свой, і прынясі ахвяру цэласпалення, і ачысці сябе і народ. І ўчыні ахвяру ад народа і ачысці яго, як загадаў Госпад». 8 Тады Аарон прыступіўся да ахвярніка і забіў цяля за грэх свой, 9 Сыны яго далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец, памазаў ёй рогі ахвярніка, а рэшту выліў на падножжа ахвярніка. 10 Тлушч, ныркі і сальнік печані з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў Госпад Майсею; 11 а мяса і скуру яго спаліў на агні за лагерам. 12 Пасля забіў ахвяру цэласпалення; сыны яго далі яму кроў яе, і ён выліў яе вакол ахвярніка. 13 Далі яму таксама саму ахвяру, падзеленую на часткі, разам з галавой, і ён спаліў гэта ўсё агнём на ахвярніку. 14 Потым абмыў вадой нутро і ногі і спаліў як цэласпальную ахвяру на ахвярніку. 15 Потым склаў ён ахвяру ад народа. Узяў казла, за грэх народа, і забіў яго, і ахвяраваў дзеля ачышчэння, як і першага, 16 а таксама ўчыніў цэласпаленне паводле пастановы, 17 і прынёс ён ахвяру хлебную, і напоўніў ёю руку ды спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэласпалення. 18 Пасля забіў вала і барана, ахвяры прымірэння ад народа; сыны ж яго далі яму кроў, якую выліў ён з усіх бакоў на ахвярнік. 19 Тлушч жа вала і курдзюк барана, і ныркі з тлушчам, і сальнік печані 20 склалі яны на грудзіну; і калі тлушч быў спалены на ахвярніку, 21 грудзіну іх і правае плячо Аарон узняў перад Госпадам, як загадаў Майсей. 22 Потым Аарон падняў рукі ў бок народа і дабраславіў яго. Па заканчэнні ахвяр за грэх, ахвяр цэласпалення і прымірэння сышоў уніз. 23 Потым Майсей і Аарон увайшлі ў палатку сустрэчы, ды, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. У гэты час аб’явілася слава Госпада ўсяму народу. 24 І вось, агонь выйшаў ад Госпада і спаліў ахвяру цэласпалення разам з тлушчам, што былі на ахвярніку. Калі ўбачылі гэта людзі, то ўзрадаваліся вельмі, падаючы тварам да зямлі. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)