ЛЯВІТ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Вось гэта прамовіў Госпад Майсею, кажучы: 2 «Вазьмі Аарона і сыноў яго, адзенне іх і алей намашчэння, бычка на ахвяру за грэх, двух бараноў і кош прэсных хлябоў. 3 Пасля збяры ўсю супольнасць ля ўваходу ў палатку сустрэчы». 4 Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і калі ўся супольнасць сабралася ля ўваходу ў палатку сустрэчы, 5 сказаў: «Вось, даручэнне, якое загадаў Госпад выканаць!» 6 І ў той жа момант прывёў Аарона і сыноў яго. І калі абмыў іх вадою, 7 усклаў на святара шаты льняныя і падперазаў яго поясам ды адзеў на яго верхняе фіялетавае адзенне, і наверх усклаў эфод: 8 і гэты эфод моцна сцягнуў поясам і ўсклаў яму нагруднік, на якім размясціў урым і тумім, 9 таксама пакрыў галаву яму кідарам, і на яго спераду паклаў залатую бляху, святую дыядэму, так, як загадаў Майсею Госпад. 10 Потым узяў Майсей алей намашчэння, якім і памазаў скінію разам з усёй яе маёмасцю, і пасвяціў гэта. 11 І калі пакрапіў ён ім ахвярнік сем разоў, памазаў яго, а таксама ўвесь посуд яго, ды ўмывальнік з падножжам яго пасвяціў алеем. 12 А выліўшы яго на галаву Аарона, памазаў яго. 13 Таксама і прыведзеных сыноў яго апрануў ён у тунікі льняныя і падперазаў іх поясам; і ўсклаў мітры, як загадаў Госпад Майсею. 14 І прывёў [Майсей] бычка на ахвяру за грэх. І калі Аарон і сыны яго ўсклалі рукі свае на галаву яго, 15 забіў яго, ды, намачыўшы палец у крыві яго, памазаў рогі ахвярніка кругом і ачысціў яго; рэшту крыві выліў на падножжа яго і так пасвяціў яго, ачышчаючы. 16 А тлушч, які пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі разам з тлушчам іх спаліў на ахвярніку, 17 а бычка, і скуру яго, і мяса яго, і нечыстоты яго спаліў у агні па-за лагерам, так, як загадаў Майсею Госпад. 18 Потым прывёў барана на ахвяру цэласпалення. Калі Аарон і сыны яго ўсклалі на галаву яго рукі свае, 19 закалоў яго і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю яго, 20 пасля рассек самога барана на часткі і спаліў на агні галаву, і члены цела, і тлушч. 21 Абмыўшы найперш нутро і ногі, спаліў ён цэлага барана на ахвярніку, і гэта была ахвяра цэласпалення на найпрыемнейшы пах, агнявая ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею. 22 Потым прывёў і другога барана на [ахвяру] пасвячэння святароў. Аарон і сыны яго ўсклалі свае рукі на галаву яго. 23 Майсей забіў яго ды ўзяў крыху крыві яго і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі. 24 Прывёў ён і сыноў Аарона; і калі крывёй ахвяраванага барана памазаў верх правага вуха кожнага з іх ды вялікія пальцы правай рукі і нагі, то рэшту крыві пакрапіў вакол ахвярніка. 25 Потым узяў тлушч і курдзюк, і ўвесь тлушч, які пакрывае вантробы ды сальнік печані, і абедзве ныркі з іх тлушчам, ды правую лапатку, 26 і з каша праснакоў, які стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку, скропленую алеем, і адзін сухарык, і паклаў на тлушч і на правую лапатку, 27 перадаючы ўсё разам на рукі Аарона і сыноў яго. Той, пасля таго, як яны ўзнялі гэта перад Госпадам, 28 прыняўшы назад з рук іх, спаліў на ахвярніку на ахвяру цэласпалення, і гэта была ахвяра пасвячэння на пах найпрыемнейшы: гэта была ахвяра агнявая для Госпада. 29 Потым прынёс грудзіну і падняў яе перад Госпадам; гэта была яго частка з барана, ахвяры пасвячэння, як загадаў Госпад Майсею. 30 Потым Майсей узяў крыху алею намашчэння і крыху крыві з ахвярніка і пакрапіў зверху Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх. Гэтак пасвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх. 31 Па пасвячэнні іх і шатаў іх загадаў ім, кажучы: «Зварыце мяса ля ўваходу ў палатку і там ежце яго; таксама ежце хлябы [ахвяры] пасвячэння, што ляжаць у кашы, як мне было загадана: “Аарон і сыны яго будуць іх есці,” 32 а што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём. 33 Ад уваходу ў палатку сустрэчы не адыдзецеся сем дзён, аж да дня, калі споўніцца час пасвячэння вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасвячэнне. 34 І што адбылося сёння, так загадаў Госпад, каб рабілася дзеля іх ачышчэння. 35 Ля ўваходу ў палатку сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо мне гэтак загадана». 36 І зрабілі Аарон і сыны яго ўсё, што сказаў Госпад праз Майсея. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)