ЛЯВІТ 24 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Далей казаў Госпад Майсею: 2 «Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе найчысцейшага алею з аліўкавых дрэў ды празрыстага для пастаяннага гарэння свечак падсвечніка. 3 Будзе рыхтаваць яго Аарон за заслонай, што павешана перад сведчаннем у палатцы сустрэчы, каб гарэў заўсёды ад вечара аж да раніцы перад Госпадам. Гэта пастанова вечная для пакаленняў вашых. 4 Будзе рыхтаваць ён заўсёды свечкі на найчысцейшым падсвечніку перад абліччам Госпада. 5 Вазьмі таксама мукі і спячы з яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзве дзесятыя [эфы]. 6 Пасля пакладзеш іх у два рады, па шэсць у кожным радзе, на вельмі чыстым стале перад Госпадам, 7 ды пакладзеш на кожны рад найчысцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для Госпада. 8 У кожную суботу пастаянна будуць мяняць іх перад Госпадам як дар ад сыноў Ізраэля; гэта вечная дамова. 9 Яны будуць належаць Аарону і яго сынам, каб спажывалі іх у асвячоным месцы, бо гэта святыя рэчы для яго паміж ахвяр агнявых для Госпада. Гэта пастанова вечная». 10 Між сынамі Ізраэля знаходзіўся сын адной ізраэлькі, якога нарадзіла яна ад егіпцяніна. У лагеры ён палаяўся з адным ізраэльцам, 11 і сын ізраэлькі зблюзніў супраць імя [Госпада] і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Саламіт, дачка Дабры, з пакалення Дана. 12 Аддалі яго пад варту, пакуль не даведаюцца, што загадае Госпад. 13 І Госпад сказаў Майсею: 14 «Выведзі блюзнерцу за лагер, і ўсе, якія яго чулі, пакладуць рукі свае на яго галаву, і ўвесь сход укамянуе яго. 15 А сынам Ізраэля скажы: “Чалавек, які зблюзніць супраць Бога свайго, панясе грэх свой. 16 І хто зблюзніць супраць імя Госпада, будзе пакараны смерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прышэлец, ці тутэйшы. Хто блюзніць на імя Госпада, той будзе пакараны смерцю. 17 Хто ўдарыць і заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю. 18 Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: гэта значыць жывёлу за жывёлу. 19 Калі хто скалечыць кагосьці з суайчыннікаў сваіх, то, як ён зрабіў, так і яму зробяць. 20 Хай вернецца пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. Якім чынам ён скалечыў, тое ж самае прыйдзецца яму сцярпець. 21 Хто заб’е жывёлу, аддасць іншую; хто заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю. 22 Роўны суд хай будзе ў вас, ці прыхадзень зграшыць, ці тутэйшы. Бо Я — Госпад, Бог ваш!”» 23 Потым загадаў Майсей сынам Ізраэля, каб вывелі таго, хто зблюзніў, за лагер і каб закідалі камянямі. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)