ЛУКАША 23 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І, калі ўзнялася ўсё мноства іх, павялі Яго да Пілата. 2 І пачалі Яго вінаваціць, кажучы: «Мы выявілі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Царом». 3 Дык спытаўся ў Яго Пілат, кажучы: «Ты – Цар Юдэйскі?» А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Ты кажаш». 4 І гаворыць Пілат першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку». 5 Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль». 6 А Пілат, чуючы гэта, спытаўся, ці Гэты Чалавек галілеец, 7 і, калі даведаўся, што Ён з уладанняў Ірадавых, адаслаў Яго да Ірада, які сам быў тымі днямі ў Ерузаліме. 8 Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся: бо ад даўняга часу прагнуў убачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць, што Ім будзе зроблены які-небудзь знак. 9 І задаваў Яму многа пытанняў, але Ён яму нічога не адказаў. 10 А першасвятары і кніжнікі стаялі там, вінавацячы Яго. 11 Тады Ірад выказаў Яму пагарду разам з жаўнерамі сваімі і пасмяяўся, апрануўшы Яго ў белыя шаты, і адправіў да Пілата. 12 І сталіся ў той дзень Ірад і Пілат сябрамі, бо перад тым варагавалі між сабой. 13 А Пілат, пазваўшы першасвятароў, начальнікаў і народ, 14 сказаў ім: «Вы выдалі мне Гэтага Чалавека, быццам Ён бунтуе народ, і вось, я, распытваючы ў вашай прысутнасці, не знайшоў у Гэтым Чалавеку ніякай віны ў тым, у чым вы вінаваціце Яго; 15 таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да вас. І вось, не даведзена Яму нічога, вартага смерці. 16 Таму, пакараўшы, я адпушчу Яго». 17 А яму трэба было дзеля свята адпусціць ім аднаго з вязняў. 18 Дык увесь натоўп закрычаў: «Забі Яго, а адпусці нам Барабу», 19 а той быў кінуты ў вязніцу за паўстанне ў горадзе і забойства. 20 Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы адпусціць Ісуса, 21 але яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» 22 Ён трэці раз сказаў ім: «Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога, вартага смерці; дык пакараю Яго і адпушчу». 23 Ды яны настойвалі, патрабуючы з крыкам, каб быў укрыжаваны, і перамагаў гармідар іх і першасвятароў. 24 Тады Пілат прысудзіў выканаць іх просьбу: 25 адпусціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў кінуты ў вязніцу, якога дамагаліся, а Ісуса выдаў на іх волю. 26 І, калі вялі Яго, спынілі нейкага Сімона з Цырэны, які ішоў з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс яго за Ісусам. 27 Ішоў за Ім вялікі натоўп людзей і жанчыны, якія плакалі і галасілі. 28 Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі ерузалімскія, не плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе саміх плачце ды дзеля дзяцей вашых, 29 бо, вось, надыходзяць дні, калі будуць казаць: “Шчасныя няплодныя і ўлонні, што не нарадзілі, ды грудзі, якія не кармілі”. 30 Тады стануць казаць гарам: “Валіцеся на нас”, і ўзгоркам: “Схавайце нас”, 31 бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?» 32 Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў, каб забіць іх. 33 І, калі прыйшлі на месца, якое называецца Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго. 34 Ісус жа казаў: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць». І, дзелячы адзенне Яго, кідалі жэрабя. 35 І народ стаяў, прыглядаючыся. Кпілі з Яго і начальнікі, кажучы: «Іншых ратаваў, хай і Сябе выратуе, калі Ён – Хрыстос, выбраннік Божы». 36 Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго, падыходзячы і падаючы Яму воцат, 37 і кажучы: «Калі Ты – Цар Юдэйскі, уратуй Сябе!» 38 І быў над Ім надпіс напісаны грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі літарамі: «Гэта Цар Юдэйскі». 39 А адзін з разбойнікаў, што былі ўкрыжаваны, блюзніў супраць Яго, кажучы: «Няўжо Ты, не Хрыстос? Уратуй Самога Сябе і нас!» 40 А другі, адказваючы, сунімаў яго, кажучы: «Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару. 41 І мы ж справядліва, бо атрымліваем вартае ўчыненага! А Ён нічога благога не зрабіў». 42 І казаў Ісусу: «Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Валадарства». 43 І сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі». 44 І было блізу шостай гадзіны, і цемра сталася па ўсёй зямлі аж да дзявятай гадзіны, 45 і сонца знікла, і заслона святыні разадралася пасярэдзіне. 46 І, усклікаючы моцным голасам, Ісус гаворыць: «Ойча, у рукі Твае перадаю Дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў. 47 Сотнік, бачачы, што сталася, уславіў Бога, кажучы: «Гэты Чалавек быў сапраўды Справядлівы». 48 І ўвесь натоўп тых, што сабраліся на гэтае відовішча і бачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. 49 А здалёк стаялі ўсе знаёмыя Яго і жанчыны, што ішлі следам за Ім ад Галілеі, гледзячы на гэта. 50 І вось, чалавек, імем Язэп, які быў членам рады, чалавек добры і справядлівы, – 51 ён не прымаў ўдзел у радзе іх і учынках, – з Арыматэі, горада юдэйскага, які і сам чакаў Валадарства Божага, 52 ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса, 53 і, зняўшы Яго, загарнуў Яго ў плашчаніцу і паклаў Яго ў магільне, высечанай у скале, у якой яшчэ ніхто не быў пакладзены. 54 І быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіла субота. 55 Падышлі таксама жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і ўбачылі магілу і як пакладзена было цела Яго, 56 і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказання. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)