ЛУКАША 20 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сталася ў адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у святыні ды нёс добрую вестку, сабраліся першасвятары і кніжнікі разам са старэйшынамі 2 і гавораць, кажучы Яму: «Скажы нам: якой уладай Ты гэта робіш, або Хто Табе даў такую ўладу?» 3 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «І Я ў вас спытаюся адно слова. Адкажыце мне: 4 хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?» 5 А яны разважалі, кажучы між сабой: «Калі скажам: “З неба”, скажа нам: “Дык чаму ж вы тады яму не паверылі?” 6 А калі скажам: “Ад людзей”, увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян – гэта прарок». 7 І адказалі, што не ведаюць адкуль. 8 І Ісус гаворыць ім: «Я таксама не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю». 9 Затым пачаў распавядаць Ісус людзям для параўнання: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і наняў у яго вінаградараў, а сам аддаліўся на доўгі час. 10 І ў свой час паслаў да вінаградараў паслугача, каб аддалі яму частку пладоў вінаградніку; але вінаградары, збіўшы яго, адпусцілі ні з чым. 11 Дык зноў паслаў другога паслугача; але і яго, збіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым. 12 Нарэшце паслаў трэцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі. 13 Дык сказаў гаспадар вінаградніку: “Што рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага; можа, яго ўбачыўшы, ушануюць”. 14 Але калі яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: “Ён спадкаемец. Заб’ем яго, каб нашай стала спадчына!” 15 І, выгнаўшы яго з вінаградніку, забілі. Дык што ж тады зробіць ім гаспадар вінаградніку? 16 Прыйдзе і заб’е гэтых вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым». Тыя, што чулі гэта, сказалі: «О, каб гэтак не было!» 17 Ён жа, гледзячы на іх, гаворыць: «Што значыць тады тое, што напісана: “Камень, што адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла”? 18 Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго сатрэ». 19 І шукалі кніжнікі і першасвятары, як накласці на Яго рукі ў тую гадзіну, але баяліся народа; бо зразумелі, што гэтую прыпавесць гаварыў пра іх. 20 І, каб сачыць за Ім, падаслалі яны шпіёнаў, якія выдавалі сябе за справядлівых, каб падлавіць Яго на словах і такім чынам выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка. 21 І спыталіся Яго, кажучы: «Настаўнік, ведаем, што справядліва кажаш і вучыш, і не аглядаешся на асобы людзей, але шляху Божаму праўдзіва навучаеш. 22 Ці належыць нам плаціць падатак цэзару, ці не?» 23 Ісус, пранікаючы іх подступ, сказаў ім: «Што вы Мяне спакушаеце? 24 Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява, і чый надпіс?» 25 І сказалі Яму: «Цэзара». І Ён гаворыць ім: «Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу». 26 І не маглі падлавіць Яго на слове ў прысутнасці людзей, і, здзівіўшыся адказу Яго, змоўклі. 27 Падышлі таксама некаторыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго, 28 кажучы: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі б чый брат, маючы жонку, памёр і быў бы ён без сыноў, хай брат яго возьме жонку яго і хай адродзіць нашчадка брату свайму. 29 Дык было сем братоў: і першы ўзяў жонку і памёр без сыноў, 30 і наступны ўзяў гэтую жонку, і памёр бяздзетны, 31 і трэці ўзяў яе; і падобным чынам ўсе сямёра памерлі, не пакінуўшы сыноў. 32 Па ўсіх памерла і жанчына. 33 Дык пры ўваскрэсенні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо сямёра мелі яе за жонку.» 34 І гаворыць ім Ісус у адказ: «Сыны гэтага веку жэняцца і замуж выходзяць; 35 тыя ж, што прызнаны дастойнымі таго веку і ўваскрэсення з мёртвых, замуж не выходзяць ды не жэняцца. 36 Яны ўжо памерці не могуць: бо яны роўныя анёлам і ёсць сыны Божыя, ёсць сыны ўваскрэсення. 37 А што мёртвыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста ажыны, калі ён называе Госпада: “Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”. 38 Бог не ёсць Бог мёртвых, але жывых: бо ў Яго ўсе жывыя». 39 А некаторыя з кніжнікаў, адказваючы, казалі: «Настаўнік, добра Ты сказаў». 40 І ўжо больш не адважыліся Яго пра што-колечы пытацца. 41 Затым Ён сказаў ім: «Як жа кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда, 42 калі сам Давід у Кнізе псальмаў кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне, 43 аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”. 44 Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады Ён – Сын яго?» 45 А калі Яго ўвесь народ слухаў, сказаў вучням Сваім: 46 «Высцерагайцеся кніжнікаў, што жадаюць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку, і першыя лаўкі ў сінагозе, і першыя месцы на банкетах, 47 якія аб’ядаюць дамы ўдоў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшае пакаранне». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)