ЛУКАША 17 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І гаворыць Ён вучням Сваім: «Немагчыма, каб не прыйшлі згаршэнні, але гора таму, праз каго яны прыходзяць. 2 Лепш было б яму, каб павесіць яму жоран млынавы на шыю ды ўкінуць у мора, чым бы ён згоршыў аднаго з малых гэтых. 3 Сачыце за сабой! Калі брат твой зграшыў супраць цябе, дакары яго і, калі навернецца, даруй яму. 4 І, калі б сем разоў на дзень зграшыў адносна цябе і сем разоў на дзень звярнуўся да цябе, кажучы: “Каюся за гэта”, – даруй яму». 5 І сказалі Апосталы Госпаду: «Павяліч нам веру». 6 А Госпад сказаў: «Калі б вы мелі веру як зярнятка гарчычнае, дык сказалі б гэтаму дрэву морвы: “Вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора”, і яно паслухала б вас. 7 А хто з вас, маючы паслугача аратага або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: “Ідзі хутчэй за стол”? 8 І ці не скажа: “Прыгатуй мне вячэру і падперажыся ды паслугуй мне, пакуль буду есці і піць, а потым ты будзеш есці і піць”? 9 Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадана? Не думаю. 10 Так і вы, калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: “Паслугачы мы нічога не вартыя; што павінны былі зрабіць, зрабілі”». 11 І сталася, калі ішоў Ён у Ерузалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй. 12 І калі ўваходзіў Ён у адно паселішча, перанялі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія сталі здалёк 13 і крычалі яны ўголас, кажучы: «Ісусе, Вучыцель, памілуй нас!» 14 Ён, як убачыў іх, сказаў: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». І сталася, што, калі яны ішлі, ачысціліся. 15 Адзін жа з іх, як агледзеўся, што стаў здаровы, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога, 16 і паў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму; а быў ён самарыцянін. 17 І, адказваючы, Ісус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? І дзе ж дзевяць? 18 Не знайшоўся з іх ніхто, хто б вярнуўся, каб аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага чужынца?» 19 І гаворыць яму: «Устань, ідзі: вера твая выратавала цябе». 20 І, запытаны фарысеямі, калі надыдзе Валадарства Божае, адказваючы, сказаў ім: «Валадарства Божае не прыйдзе відавочна 21 і не скажуць: “Вось тут” або: “Там”; вось жа Валадарства Божае ўнутры вас ёсць». 22 І гаворыць вучням: «Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага і не ўбачыце. 23 І скажуць вам: “Вось, тут”, “Вось, там”; не ідзіце і не шукайце. 24 Бо, як маланка, ззяючы з-пад неба, асвятляе тое, што пад небам, такім будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой. 25 Але трэба, каб Ён перш многа перацярпеў ды быў адкінуты гэтым пакаленнем. 26 І як сталася ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалавечага: 27 елі і пілі, жаніліся і замуж выдавалі аж да дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і выгубіў усіх. 28 Падобна, як сталася ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі; 29 аж у дзень, калі Лот выйшаў з Садома, паліліся з неба дажджом агонь ды серка і выгубілі ўсіх. 30 Так будзе ў дзень, калі Сын Чалавечы аб’явіцца. 31 У той дзень, хто будзе на даху, а прылады яго дома, хай не сыходзіць, каб іх забраць; і хто на полі, хай таксама не вяртаецца. 32 Памятайце пра жонку Лота. 33 Калі б хто стараўся душу сваю зберагчы, загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе. 34 Кажу вам: у тую ноч будуць удвух на адным ложку: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты; 35 і дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута. 36 І ўдвух будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты». 37 Адказваючы Яму, яны кажуць: «Дзе, Госпадзе?» А Ён сказаў ім: «Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)