Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛУКАША 16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І прамаўляў Ён да вучняў Сваіх: «Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і зняславілі таго перад гаспадаром, што распускае яго дабро.

2 І пазваў ён яго, і гаворыць яму: “Што гэта я чую пра цябе? Здай справаздачу аканомства твайго, бо ўжо не можаш быць аканомам”.

3 І гаворыць пра сябе аканом: “Што мне рабіць, раз гаспадар мой адбірае ад мяне аканомства? Капаць не магу, а жабраваць саромеюся.

4 Ведаю, што мне рабіць, каб, калі буду адсунуты ад аканомства, прынялі мяне ў дамы свае”.

5 Склікаўшы тады паасобку даўжнікоў гаспадара свайго, казаў першаму: “Колькі вінаваты ты гаспадару майму?”

6 Той сказаў: “Сто бочак алею”. Дык сказаў яму: “Вазьмі распіску тваю, сядзь хутка, напішы пяцьдзясят”.

7 Потым сказаў другому: “А ты колькі вінаваты?” Той гаворыць: “Сто мер пшаніцы”. І гаворыць яму: “Вазьмі распіску тваю ды напішы восемдзясят”.

8 Дык пахваліў гаспадар аканома нягоднага, што разумна зрабіў. Бо сыны гэтага веку разумнейшыя ў сваім родзе за сыноў святла.

9 І Я вам кажу: здабывайце сабе сяброў багаццем нягодным, каб, калі яго не стане, прынялі вас у вечныя сялібы.

10 Хто верны ў малым, і ў вялікім верны. А хто ў малым нягодны, і ў вялікім нягодны.

11 Дык калі вы ў нягоднай мамоне не былі вернымі, хто вам даверыць сапраўднае?

12 І калі вы ў чужым не былі вернымі, дык хто вам дасць ваша?

13 Ніводзін паслугач не можа двум гаспадарам служыць: або аднаго будзе ненавідзець, а другога будзе любіць, або аднаму будзе адданы, а другім будзе пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне».

14 А гэта ўсё слухалі і фарысеі, якія былі хцівымі, і кпілі з Яго.

15 Дык гаворыць ім: «Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі; але Бог ведае сэрцы вашы, бо што для людзей з’яўляецца высокім, тое ў Бога – агіда.

16 Закон і прарокі былі аж да Яна; а адгэтуль весціцца Валадарства Божае, і кожны дзеля яго сілу прымяняе.

17 Але лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым адна крэска з закона знікне.

18 Кожны, хто кідае жонку сваю і бярэ іншую, чужаложыць; і хто кінутую мужам за жонку бярэ, чужаложыць.

19 Жыў адзін багаты чалавек, і апранаўся ў пурпур і вісон ды штодзённа бліскуча баляваў.

20 І быў нейкі жабрак імем Лазар які ляжаў увесь у больках каля яго брамы

21 і прагнуў заспакоіць голад крошкамі, што спадалі са стала багацея; толькі сабакі прыходзілі і лізалі болькі яго.

22 І сталася, што жабрак памёр, і анёлы занеслі яго на ўлонне Абрагама; памёр таксама багацей і быў пахаваны.

23 І ў пекле быў ён у пакутах, узводзячы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і на ўлонні яго Лазара.

24 І, закрычаўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме, злітуйся нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі гэтым”.

25 І сказаў Абрагам: “Сыне, прыпомні, як ты ў жыцці сваім карыстаўся даброццямі тваімі, а Лазар гэтак жа благаццём; ён цяпер тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.

26 Да ўсяго гэтага паміж намі і вамі прорва вялікая, каб тыя, што хочуць адсюль да вас перайсці, не маглі, ані адтуль да нас перабрацца”.

27 Дык гаворыць: “Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, –

28 бо маю пяць братоў, – каб засведчыў ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”.

29 Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў; хай слухаюць іх”.

30 Але ён сказаў: “Не, ойча Абрагам, але калі хто з памерлых пойдзе да іх, навернуцца”.

31 А ён гаворыць яму: “Калі не слухаюць Майсея і прарокаў, дык, каб і хто з мёртвых паўстаў, не павераць”».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы