ЛУКАША 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У гэты самы час прыйшлі некаторыя, паведаміўшы Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. 2 І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ці вы думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя галілейцы, што так пацярпелі? 3 Не, кажу вам, але, калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце. 4 Або тыя васемнаццаць, на якіх упала вежа ў Сіло і забіла іх; вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, што жывуць у Ерузаліме? 5 Не, кажу вам, але, калі не навернецеся, усе вы падобна пагінеце». 6 Затым казаў ім гэтую прыпавесць: «Нехта меў дрэва фігавае, пасаджанае ў яго вінаградніку, і раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў. 7 Дык сказаў вінаградару: “Вось, ужо тры гады, як я прыходжу, шукаючы плода на гэтым дрэве фігавым, і не знаходжу. Выкарчуй яго. Нашто ж тады зямлю займае?” 8 А той, адказваючы, гаворыць яму: “Гаспадару, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем, 9 можа, стане даваць плод, а калі не, то выкарчуеш яго”». 10 І навучаў Ён у адной сінагозе ў суботу. 11 І вось, адна жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы, была сагнутая і не магла ніяк глянуць уверх. 12 Калі ўбачыў яе Ісус, паклікаў ды гаворыць ёй: «Жанчына, вызвалена ты ад сваёй немачы», 13 і ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і славіла Бога. 14 Тады начальнік сінагогі, абураны, што Ісус аздараўляў у суботу, казаў, звяртаючыся да людзей: «Ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць, дык у тыя дні прыходзьце і аздараўляйцеся, а не ў дзень суботы». 15 А Госпад адказаў і сказаў яму: «Крывадушнікі, ці ж кожны з вас у суботу не адвязвае вала свайго або асла ад ясляў ды не вядзе напаіць? 16 А ці ж гэтае дачкі Абрагама, якая шатанам звязана вось ужо васемнаццаць гадоў, не належала вызваліць з гэтых путаў у суботу?» 17 Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных дзеяў Яго. 18 Дык далей казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і да чаго прыпадобню яго? 19 Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў у сваім агародзе; вырасла яно, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя гняздзіліся на яго галінах». 20 І зноў гаварыў: «З чым параўнаю Валадарства Божае? 21 Яно падобна да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль не ўкісла ўсё». 22 І хадзіў, навучаючы па гарадах і вёсках, накіроўваючы шлях у Ерузалім. 23 І хтосьці гаворыць Яму: «Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены?» А Ён сказаў ім: 24 «Намагайцеся ўвайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць імкнуцца ўвайсці і не змогуць. 25 Бо калі ўстане Гаспадар дома і замкне дзверы, будзеце стаяць вонкі і стукацца ў дзверы, кажучы: “Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам”; і Ён, адказваючы, скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”. 26 Тады пачнеце гаварыць: “Мы елі і пілі з Табою, і навучаў Ты на нашых вуліцах”; 27 але Ён скажа: “Кажу вам, не ведаю вас, адкуль вы. Адыдзіцеся ад Мяне ўсе, што чыніце беззаконне”. 28 Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака, ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а саміх сябе вон выкінутых. 29 Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і ўзлягуць у Валадарстве Божым. 30 І вось, ёсць апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі». 31 У той самы час падышлі да Яго некалькі фарысеяў, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць». 32 Ён гаворыць ім: «Ідзіце і скажыце таму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і ўчыняю аздараўленні сёння і заўтра, а на трэці дзень скончу”. 33 Аднак трэба, каб Я хадзіў сёння, і заўтра, і надалей, бо не бывае, каб прарок гінуў па-за Ерузалімам. 34 Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланы, колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, але вы не захацелі. 35 Вось, застанецца вам дом ваш пусты”. Сапраўды кажу вам: “Не ўбачыце Мяне, аж пакуль не надыдзе час, калі скажаце: “Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)