Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛУКАША 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Калі сабраўся велізарны натоўп кругом Яго, так што адны на адных націскалі, пачаў спярша Ён гаварыць да вучняў Сваіх: «Сцеражыцеся кіслі фарысейскай, якая ёсць крывадушнасць.

2 Бо няма анічога скрытага, што не было б выяўлена, ані таксама тайнага, чаго б не ўведалі.

3 Бо што вы гаварылі ў цемры, пачуецца ў святле, ды што ў вуха гаварылі ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.

4 Кажу ж вам, сябрам Маім: не бойцеся тых, што забіваюць цела і пасля гэтага нічога болей не могуць зрабіць.

5 А Я перасцерагаю вас, Каго баяцца: бойцеся Таго, Хто па забіцці мае ўладу ўкінуць у пекла. Так, кажу вам: Яго бойцеся.

6 Ці ж не прадаюць пяць вераб’ёў за два асарыі? Але ні адзін з іх не забыты перад Богам.

7 Але і валасы на галаве вашай усе палічаны. Таму не бойцеся: вы ж важнейшыя за мноства вераб’ёў.

8 Кажу ж вам: кожны, хто прызнае Мяне перад людзьмі, таго і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі;

9 а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Ён адкіне перад анёламі Божымі.

10 І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе даравана; але хто б блюзніў на Духа Святога, не будзе таму даравана.

11 А калі вас павядуць у сінагогі, і да начальства, і да ўладаў, не турбуйцеся, як і што маеце адказаць ці што гаварыць,

12 бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба казаць».

13 Нехта з натоўпу гаворыць Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».

14 Але Ён сказаў яму: «Чалавеча, хто ж паставіў Мяне суддзёй і размеркавальнікам над вамі?»

15 Ды сказаў ім: «Зважайце і высцерагайцеся ўсякай хцівасці, бо, калі хто і мае дастатак, яго жыццё не ў тым, што мае».

16 І сказаў ім прыпавесць, кажучы: «Поле аднаго багацея дало шчодры ўраджай.

17 Дык ён разважаў у сваёй душы, кажучы: “Што мне зрабіць, бо не маю дзе падзець свайго ўраджаю?”

18 Ды сказаў: “Вось што зраблю: развалю свае свірны, і пабудую большыя, і туды збяру ўсе плады мае і даброцце маё,

19 і скажу душы маёй: “Душа, маеш многа даброццяў, назапашаных на шмат гадоў; адпачывай, еш, пі, весяліся”.

20 Але Бог сказаў яму: “Бязглузды! У гэтую ноч запатрабуюць душу тваю ад цябе, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе?”

21 Так бывае з тым, хто для сябе збірае скарбы, а перад Богам не багаты».

22 І сказаў вучням Сваім: «Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашай, што будзеце есці, ані дзеля цела, што на яго ўздзенеце.

23 Бо душа важнейшая за ежу, і цела – за адзенне.

24 Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, і няма ў іх ані камор, ані свірнаў, і Бог іх корміць; наколькі ж вы больш вартыя за птушак.

25 Ды хто з вас сваім клопатам можа дадаць хоць адзін локаць да свайго росту?

26 Калі вы нават і найменшай рэчы не можаце, дык чаму пра іншыя турбуецеся?

27 Прыгледзьцеся да лілей, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць; але кажу Я вам: нават Саламон ва ўсёй сваёй славе не быў так апрануты, як адна з іх.

28 Дык калі траву, што сёння на полі, а заўтра ў печ кінута, Бог так апранае, дык куды больш вас, малаверы.

29 Таму вы не шукайце, што будзеце есці або што будзеце піць, і не турбуйцеся.

30 Бо гэтага ўсяго народы свету шукаюць; ваш жа Айцец ведае, што гэта патрэбна вам.

31 Дык перш шукайце Валадарства Божага, і гэта ўсё вам прыкладзецца.

32 Не бойся, малы статак, бо даспадобы было Айцу вашаму даць вам Валадарства.

33 Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Спраўце сабе капшукі, што не нішчэюць, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не набліжаецца і дзе моль не з’ядае;

34 бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.

35 Хай паясніцы вашы будуць падперазаныя і светачы запалены ў руках вашых,

36 а вы самі падобны да людзей, што чакаюць гаспадара свайго, калі ён вернецца з вяселля, каб, калі надыдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.

37 Шчасныя тыя слугі, якіх гаспадар прыйдзе і знойдзе, што яны не спяць. Сапраўды кажу вам: ён падпярэжацца, і скажа ім узлегчы за сталом, ды, абыходзячы, будзе паслугаваць ім.

38 І, ці ён прыйдзе ў другую варту, ці ў трэцюю варту прыйдзе і такімі іх знойдзе, шчасныя тыя слугі.

39 А гэта ведайце, што, калі б гаспадар дома ведаў, у які час злодзей прыйдзе, чакаў бы яго і не дазволіў бы яму падкапацца ў дом свой.

40 Так і вы будзьце гатовы, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую вы не спадзеяцеся».

41 Затым гаворыць Яму Пётра: «Госпадзе, ці нам гаворыш гэта для параўнання, ці, можа, усім?»

42 І сказаў Госпад: «Хто, думаеш, ёсць верны і разумны аканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім у час меру пшаніцы?

43 Шчасны той слуга, калі гаспадар прыйдзе і знойдзе, што ён так робіць.

44 Сапраўды кажу вам: над усім, чым валодае, паставіць ён яго.

45 А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: “Гаспадар мой марудзіць з прыходам”, ды пачне біць паслугачоў і паслугачак, есці, піць ды напівацца,

46 прыйдзе гаспадар паслугача таго ў дзень, у які не спадзяецца, і ў час, якога не ведае, і адлучыць яго, ды прызначыць яго долю разам з нявернымі.

47 Той жа паслугач, які ведаў волю гаспадара свайго, але не прыгатаваўся і не рабіў паводле волі яго, будзе строга пакараны.

48 А той, які не ведаў і рабіў вартае кары, будзе пакараны меней. Ад кожнага, каму болей дадзена, болей спытаюць, і ад таго, каму многа даручана, болей патрабаваць будуць.

49 Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і чаго хачу? Каб ён ужо гарэў!

50 Я маю быць хростам ахрышчаны, і як жа Я пакутую, пакуль гэта не споўніцца!

51 Ці ж думаеце, што Я прыйшоў супакой прынесці на зямлю? Не, кажу вам, але раздзяленне.

52 Адсюль вось будуць пяцёра ў адным доме падзеленыя: трое супраць двух, а двое супраць трох.

53 Раздзеляцца бацька з сынам, а сын з бацькам, маці з дачкой, а дачка з маці, свякроў з нявесткай сваёй, а нявестка з свекроўю сваёй».

54 Далей прамаўляў і да людзей: «Калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, зараз кажаце: “Набліжаецца навальніца”, і так стаецца.

55 А калі вецер дзьме з поўдня, кажаце: “Будзе спякота”, і так стаецца.

56 Крывадушнікі, аблічча зямлі і неба ўмееце распазнаць, чаму ж гэтага часу не ўмееце распазнаць?

57 Дык чаму самі сябе не судзіце па справядлівасці?

58 Калі ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, дык па дарозе старайся вызваліцца ад яго, каб ён не павёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў бы цябе кату, а кат не кінуў бы цябе ў вязніцу.

59 Кажу табе, не выйдзеш адтуль, пакуль не разлічышся да апошняга аса».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы